Кружыліся так нізка, што «палкамі можна было збіваць»
6- 26.02.2026, 12:49
- 7,656
Гамяльчанаў напалохалі расійскія «Шахеды».
Раніцай 26 лютага жыхары Гомеля паведамілі мясцоваму выданню «Флагшток» аб пралёце беспілотніка над горадам. Пры гэтым украінскія маніторынгавыя каналы ў апошнія гадзіны не фіксавалі ўварванняў лятальных апаратаў у паветраную прастору Гомельшчыны.
Магчыма, што дрон быў не адзін. Гамяльчане паведамлялі пра серыю пралётаў. Дакладна вядома, што «Шахед» бачылі і не раз чулі ў Цэнтральным, Чыгуначным, Савецкім раёнах, а канкрэтна — над мікрараёнамі Сельмашаўскім, Заходнім, Шведскай Горкай, Старым Аэрадромам, Мельнікавым Лугам, а таксама ў Касцюкоўцы і Пакалюбічах.
Некаторыя сцвярджалі, што дроны ляталі «чаргой» і дзівіліся:
«Чаму сірэны маўчаць?»
«Чаму наогул усе маўчаць?»
«Адзін дрон, падобны на «Герань», праляцеў а 8.54 над вул. Б. Царыкава, з боку цэнтра ў бок Мільчы. Другі быў чутны прыкладна праз 10 хвілін, але яго не было відаць. Трэці быў чутны на вуліцы Кірава, у раёне Рэмбыттэхнікі каля 9.30».
Паводле сведкаў, пралёты БПЛА былі такімі нізкімі, што «з даху палкамі можна было збіваць». Шэраг карыстальнікаў сцвярджаў, што бачылі ад 5 да 10 пралётаў.
Няўзабаве за шалёным дронам (ці дронамі) вайскоўцы накіравалі верталёт, які таксама зафіксавалі гамяльчане.
Лёс БПЛА пакуль застаецца невядомым.