ЦАХАЛ ліквідаваў арганізатара нападу ХАМАС на Ізраіль
- 17.05.2026, 14:24
- 1,024
Гэты факт пацвердзіў і сам рух ХАМАС.
Ізраільскія вайскоўцы знішчылі Ізз ад-Дзіна аль-Хаддада, якога лічылі адным з галоўных арганізатараў нападу 7 кастрычніка 2023 года. Як паведаміў прэм’ер-міністр Біньямін Нэтаньяху, аль-Хаддад узначальваў ваеннае крыло ХАМАС — «Брыгады Ізз ад-Дзіна аль-Касама». «Мы ліквідавалі аднаго з галоўных тэрарыстаў, адказных за разню 7 кастрычніка», — заявіў кіраўнік урада.
Гібель аль-Хаддада пацвердзіў і сам рух ХАМАС. Паводле дадзеных палестынскага боку, разам з камандзірам у выніку ізраільскага ўдару загінулі яго жонка і дачка.
7 кастрычніка 2023 года баевікі ХАМАС здзейснілі напад на Ізраіль, прарваўшыся ў прыгранічныя гарады і кібуцы. Тады, паводле ізраільскіх даных, загінула каля 1200 чалавек (пераважна мірныя жыхары), а 251 быў узяты ў закладнікі.
У адказ Ізраіль пачаў аперацыю «Жалезныя мячы», якая ўключала авіяўдары і сухапутнае ўварванне ў сектар Газа. У кастрычніку 2025 года пры пасярэдніцтве ЗША, Егіпта, Катара і Турцыі ў Шарм-эш-Шэйху было падпісана пагадненне аб спыненні агню.