У Брэсце могуць пачаць зборку індыйскіх трактароў
5- 19.05.2026, 11:42
- 1,000
Ідзе гаворка пра тэхніку буйнога брэнда Solis.
У Брэсце могуць наладзіць зборку трактароў буйнога індыйскага брэнда Solis. Пра планы паведаміў Telegram-канал «#1регион».
Перамовы з гэтай нагоды прайшлі на прадпрыемстве «ГлобалМаш Індустрыя», якое нядаўна стала рэзідэнтам СЭЗ «Брэст».
Як расказаў кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны Вадзім Краўчук, бакі абмяркоўвалі арганізацыю зборкі трактароў Solis на брэсцкіх магутнасцях.
Акрамя таго, гаворка ішла пра вытворчасць навяснога абсталявання для такой тэхнікі.
Брэнд Solis належыць індыйскай кампаніі International Tractors Limited, заснаванай у 1995 годзе.
Сёння гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў трактароў у Індыі і адзін з самых хуткарастучых гульцоў рынку.
Кампанія заяўляе пра больш чым 1,8 млн кліентаў па ўсім свеце і штогод выпускае каля 300 тыс. трактароў.
Тэхніка Solis прадаецца больш чым у 30 краінах Еўропы, а таксама ў ЗША, Бразіліі, Турцыі і краінах Азіі і Афрыкі.
Лінейка ўключае трактары магутнасцю ад 16 да 125 конскіх сіл.