Z-блогер: ЗСУ будуць запускаць па Расіі тысячу БПЛА ў дзень
3- 19.05.2026, 11:43
- 1,746
Паляціць і балістыка.
Расійскі Z-ваенкар Андрэй Клінцэвіч у эфіры радыё «Камсамольская праўда» заявіў, што Украіна імкліва нарошчвае патэнцыял беспілотных сістэм, і ўжо ў бліжэйшыя месяцы глыбокія тылы Расіі могуць сутыкнуцца з рэгулярнымі масіраванымі атакамі. Пра гэта паведамляе «Дыялог».
Паводле яго слоў, Украіна нібыта дасягнула прыкметнай перавагі ў сферы прымянення дронаў, тады як Расія, паводле яго ацэнкі, не паспявае адаптавацца да гэтых змяненняў.
Клінцэвіч адзначыў, што да сярэдзіны лета і восені Кіеў можа выйсці на ўзровень да тысячы запускаў беспілотнікаў за суткі — «магчыма, не кожны дзень, а праз дзень». Ён паставіў пад сумнеў здольнасць расійскага боку забяспечыць супастаўны выпуск зенітных ракет, указаўшы на іх высокі кошт і складанасць вытворчасці. У якасці альтэрнатывы ён прапанаваў развіццё «новых тэхналогій», уключаючы лазерныя сістэмы, а таксама заявіў пра неабходнасць знешняй тэхналагічнай падтрымкі.
Таксама ён заклікаў улічваць, што ў будучыні атакі могуць уключаць не толькі дроны, але і балістычныя сродкі паражэння.
Паводле яго ацэнкі, сітуацыя на фронце для Расіі таксама застаецца складанай. Клінцэвіч заявіў, што да 2027 года характар вайны можа радыкальна змяніцца: на полі бою, паводле яго слоў, могуць з'явіцца наземныя і антрапаморфныя робаты, у тым ліку робасабак і іншыя аўтаномныя сістэмы.
Ён дадаў, што лінія фронту можа пашырацца, а асобныя гарады, уключаючы Данецк, могуць фактычна ператварыцца ў зону пастаяннага баявога судакранання з актыўным выкарыстаннем беспілотнікаў, у тым ліку з элементамі штучнага інтэлекту.