СМІ: У Іркуцку Пуціну намякнулі на далучэнне да Кітая
6- 20.05.2026, 7:58
- 3,928
Дэмарш жыхароў Сібіры застаецца гарачай тэмай у РФ.
Сюжэт пра тое, як жыхары аднаго з раёнаў Іркуцка запісалі зварот да дыктатара РФ Пуціна, у якім намякнулі, што не супраць аб’яднацца з Кітаем, калі гэтая краіна вырашыць іх праблемы, працягвае ўзрушваць расійскія СМІ і тэлеграм-каналы.
З’яўляюцца новыя публікацыі пра тое, як жыхары скардзяцца, што ў горадзе пяты год не могуць дабудаваць дзіцячыя сады і школы.
Пра гэта напісала таксама апазіцыйнае Крамлю агенцтва ASTRA.
Нягледзячы на ўсе звароты да гарадскіх і рэгіянальных чыноўнікаў і нават асабіста да Пуціна, школы і дзіцячыя сады застаюцца недабудаванымі, а само будаўніцтва замарожана. Усе пяць гадоў абівання парогаў сваіх структур не далі вынікаў, таму жыхары гатовыя на адчайны крок.
«У выпадку, калі РФ не ў стане пабудаваць школу ў нашым мікрараёне, просім міністра замежных спраў Расіі Лаўрова звярнуцца да старшыні кампартыі Кітая Сі Цзіньпіна з прапановай прафінансаваць будаўніцтва нашай школы», — кажуць актывісты.
Мясцовыя жыхары нават гатовыя вывучыць кітайскую мову, калі Пекін прафінансуе будаўніцтва дзіцячых садоў і школ.
«Мы гатовыя пачаць вывучаць кітайскую мову, бо лічым, што яна нам сапраўды вельмі патрэбная, а актыўнае развіццё культурных сувязяў з Кітаем — адзіны для нас шлях развіцця ва ўмовах, калі прыярытэты нашай краіны знаходзяцца дзесьці ў зоне будаўніцтва новых станцый метро ў Маскве і новых школ у Таджыкістане», — заявілі жыхары мікрараёна.