Некалькіх польскіх святароў і манахаў высылаюць з Беларусі
- 20.05.2026, 18:20
Усе яны ўжо шмат гадоў працуюць у нашай краіне.
Некалькім каталіцкім святарам і манахам улады адмовілі ў падаўжэнні дазволу на далейшае служэнне ў Беларусі, паведамляе «Хрысціянская візія». Усе яны маюць польскае грамадзянства.
Не ўзгодненыя на служэнне:
пробашч парафіі Святога Аляксея ў Івянцы манах-францішканец Лех Баханек;
дэкан Стаўбцоўскага дэканата, пробашч парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках ксёндз-канонік Мар’ян Шэршань;
дэкан Мядзельскага дэканата, пробашч парафіі Святога Мікалая, біскупа, у Свіры ксёндз-канонік Богуслаў Маджэеўскі;
пробашч парафіі Святога Андрэя Апостала ў Нарачы айцец Павел Ляліта;
пробашч парафіі Святога Францішка ў Салігорску айцец Собеслаў Тамала;
манах-капуцын, які апошні год служыў у парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне, брат Войцэх Врублеўскі.
Як адзначаецца, усе яны ўжо шмат гадоў працуюць у Беларусі, адзін з іх, айцец Лех Баханек, — больш за 25 гадоў. Ён прыехаў у Івянец у 2000 годзе і з той пары рэалізаваў шмат праектаў па працы з моладдзю, у тым ліку заснаваў «Музычную майстэрню».
Айцу Леху ўжо не падаўжалі дазвол на служэнне ў 2016 годзе. Аднак пасля рэзанансу ўлады змянілі гэтае рашэнне.
Раней стала вядома пра адмову ў дазволе на далейшае служэнне тром польскім святарам у Віцебскай дыяцэзіі, а да таго — двум святарам у Пінскай дыяцэзіі.