У цэнтры Вільнюса беларусы правялі мітынг і нагадалі пра тых, хто застаецца за кратамі
- 21.05.2026, 21:11
Каб зачытаць спіс усіх палітвязняў, спатрэбілася больш за гадзіну.
На Катэдральнай плошчы ў Вільнюсе 21 мая адбыліся выстава і мітынг, прысвечаныя Дню салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Беларусы Літвы, былыя палітвязні, актывісты сабраліся, каб нагадаць: за кратамі ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца людзі, асуджаныя за свае перакананні, грамадзянскую пазіцыю, журналісцкую працу і за права гаварыць свабодна.
На плошчы зачытваўся спіс усіх беларускіх палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, з указаннем іх тэрмінаў пакарання. Каб пералічыць усіх, спатрэбілася больш за гадзіну. Асобна стаялі партрэты палітвязняў, якія загінулі за кратамі, перадае «Наша Ніва».



На плошчы разгарнулі вялікі бела-чырвона-белы сцяг.
Дата акцыі невыпадковая. Роўна пяць гадоў таму ў шклоўскай калоніі загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.
На вялікай расцяжцы размешчаныя партрэты беларускіх палітвязняў. Праходжыя падыходзілі і разглядалі іх.



З самай раніцы на плошчы дзейнічала выстава мастацкіх прац, створаных былымі палітвязнямі і беларускімі мастакамі.





Частка карцін і малюнкаў была зроблена непасрэдна ў турмах і калоніях.
Сярод аўтараў — Павел Севярынец, Андрэй Войніч, Анатоль Хіневіч, Вольга Якубоўская, Ксіша Ангелава, а таксама ананімныя аўтары, якія не могуць адкрыта называць свае імёны.