У Беларусі рыхтуюць наваўвядзенне для самазанятых
3- 22.05.2026, 10:54
- 1,170
Яно закране рэпетытараў.
У Беларусі на грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Савета Міністраў «Аб рэестры фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па навучанні дзяцей». Міністэрства адукацыі праводзіць абмеркаванне дакумента на Прававым форуме да 1 чэрвеня, перадае «Еўрарадыё».
У пастанове прадугледжваецца, што займацца рэпетытарствам можна будзе толькі пасля ўключэння чалавека ў спецыяльны рэестр. Дзейнасць без уключэння ў рэестр забараняецца.
Ведамства не хавае, што гэтае наваўвядзенне накіравана ў першую чаргу супраць людзей, якія ўжо пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Цяпер іх хочуць пазбавіць магчымасці зарабляць на жыццё рэпетытарствам:
«Прыняцце праекта пастановы дазволіць мінімізаваць магчымасць ажыццяўлення самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні дзяцей фізічнымі асобамі, у дачыненні да якіх уступіў у законную сілу абвінаваўчы прысуд суда за здзяйсненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 139, 145-147, 154, часткамі 2 і 3 артыкула 165, артыкуламі 166 — 172, часткай 2 артыкула 173, артыкуламі 181 — 182, 187, 327 — 329, 331, 332, 342-1, 343, 343-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незалежна ад зняцця або пагашэння судзімасці, а таксама аказання паслуг настаўніка-дэфектолага, настаўніка-лагапеда, тыфлапедагога, сурдапедагога, алігафрэнапедагога асобамі, якія не маюць адпаведнай адукацыі».
Мяркуецца, што рашэнне ўступіць у сілу праз тры месяцы пасля яго апублікавання.