Загадкавая смерць расійскага мільярдэра: перад ДТЗ ён перапісаў усе актывы
7- 22.05.2026, 7:53
- 6,688
На карысць банка, звязанага з буйной фігурай у пуцінскім рэжыме.
У РФ 20 мая у ДТЗ памёр 53-гадовы мільярдэр Міхаіл Смірнаў. Незадоўга да гібелі ён перапісаў усе свае актывы банку «Санкт-Пецярбург», які звязваюць са старшынёй Савета Федэрацыі РФ Валянцінай Матвіенкай.
Пра гэта паведаміў уплывовы расійскі рэсурс «ВЧК-ОГПУ», які, як лічыцца, належыць спецслужбам РФ.
Паводле афіцыйнай версіі, Смірнаў падчас язды на матацыкле ўрэзаўся ў аўтамабіль Havai, які ехаў па сустрэчнай паласе. Сведкаў гэтай аварыі няма. Сам мільярдэр памёр на месцы яшчэ да прыезду хуткай дапамогі.
Смірнаў, сярод іншага, быў суўладальнікам «Балтыйскай паліўнай кампаніі», якая займаецца экспартам нафтапрадуктаў. Ягоны капітал на 2024 год ацэньваўся амаль у 7,8 млрд рублёў.
«За некалькі месяцаў да смерці ён выйшаў з заснавальнікаў усіх кампаній», — піша «ВЧК-ОГПУ». Таксама ён пакінуў усе пасады, якія займаў. І актывы, і пасады атрымалі асобы, блізкія да банка «Санкт-Пецярбург» і сям'і Матвіенкі.