Анамальная спёка ідзе ў Еўропу
4- 22.05.2026, 11:46
- 1,714
Тэмпература паднімецца амаль да +40°.
У бліжэйшыя дні Еўропу накрые першая сур'ёзная хваля спякоты ў гэтым годзе. Сіноптыкі папярэджваюць, што тэмпература ў многіх краінах будзе значна вышэй за кліматычную норму, а ў асобных рэгіёнах магчымыя новыя майскія рэкорды.
Як піша Bloomberg, прычынай анамальнага пацяплення стаў магутны антыцыклон, або так званы «цяплавы купал». Ён утрымлівае гарачае паветра і спрыяе яго дадатковаму праграванню каля паверхні зямлі. Паводле прагнозаў метэаролагаў, тэмпература будзе перавышаць звычайныя паказчыкі на 5–11 градусаў.
Асабліва прыкметнай спёка будзе ў Вялікабрытаніі. У Лондане ўжо да выхадных чакаецца да +32°, што нязвыкла для канца мая. Сіноптыкі адзначаюць, што гэта можа стаць адным з самых прыкметных перыядаў ранняй спёкі за апошнія гады.
У Францыі тэмпература ў Парыжы павысіцца прыблізна да +31°, а на паўднёва-захадзе краіны месцамі дасягне +35°. Найбольш экстрэмальная спёка чакаецца ў Іспаніі. У некаторых раёнах краіны паветра можа раскаліцца да +38°.
Метэаролагі звязваюць узмацненне спёкі са змяненнем клімату. Паводле іх слоў, у Еўропе цяплавыя хвалі цяпер прыходзяць раней і становяцца больш працяглымі. Дадатковую ролю адыгрывае перасыханне глебы: сухая зямля горш утрымлівае вільгаць, з-за чаго тэмпература працягвае расці, а верагоднасць дажджоў змяншаецца.
Пасля нестабільнага надвор'я з навальніцамі і перападамі тэмпературы ў Еўропе чакаецца больш сухі і спакойны перыяд. Яснае неба таксама будзе спрыяць павелічэнню выпрацоўкі сонечнай энергіі. Пры гэтым вытворчасць электраэнергіі з дапамогай ветру ў Францыі і Германіі часова знізіцца праз слабы вецер.