27 траўня 2026, Серада, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы затрымалі трох чалавек пасля ілжывага паведамлення пра «пажар» у кватэры сям’і прэзідэнта

У Польшчы затрымалі трох чалавек пасля ілжывага паведамлення пра «пажар» у кватэры сям’і прэзідэнта
Фота: Charter97.org

Маладыя людзі дзейнічалі ў межах хакерскай анлайн-групы.

У Польшчы затрымалі трох юнакоў, якіх лічаць вінаватымі ў ілжывым паведамленні пра пажар у кватэры, якая належыць сям’і прэзідэнта Кароля Навроцкага.

Пра гэта паведамляе RMF24.

27 мая міністр унутраных спраў Марцін Кервіньскі абвясціў, што ў сувязі з ілжывым паведамленнем пра пажар у кватэры Навроцкага ўзялі пад варту трох чалавек.

Ён адзначыў, што гаворка пра асоб ва ўзросце каля 20 гадоў, якія ўжо мелі праблемы з законам.

«Усё сведчыць пра тое, што гэта добра арганізаваная група маладых людзей, якія „дзеля славы“ або асабістага задавальнення, не з ідэалагічных матываў, ужо здзяйснялі падобныя ўчынкі ў мінулым», — адзначыў са свайго боку прэм’ер Дональд Туск.

Неафіцыйна журналісты даведаліся, што затрыманым — па 19–20 гадоў, яны сумесна дзейнічалі ў межах анлайн-групы, якая займалася хакерскімі атакамі, рассылкай падобных ілжывых трывог і гэтак далей. У следстве лічаць, што асноўным матывам была забава, а таксама жаданне дэстабілізаваць сітуацыю.

«Ім падабалася назіраць, які хаос яны ствараюць сваімі дзеяннямі, і яны радаваліся, калі бачылі рэакцыі на самым высокім узроўні ўлады і сутыкненні паміж двума бакамі палітычнага спектра», — падзяліўся неназваны суразмоўца, датычны да следства.

Нагадаем, 23 мая невядомы праз дадатак «Alarm 112» паведаміў службам пра пажар, а затым пра пагрозу жыццю непаўналетняга ў памяшканні, якое аказалася сямейнай кватэрай Навроцкага.

Акружная пракуратура ў Гданьску распачала крымінальную справу па факце ілжывага паведамлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках