Турцыя адмаўляецца ад расійскай нафты
- 27.05.2026, 15:54
Імпарт знізіўся да рэкорднага мінімуму.
Турцыя скарачае імпарт расійскай нафты Urals з партоў Балтыкі і Чорнага мора да мінімальнага ўзроўню амаль за паўтара года. Пра гэта сведчаць даныя LSEG, Kpler і крыніцы ў гандлёвых колах, паведамляе агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).
Турцыя застаецца найбуйнейшым пакупніком расійскай нафты, што пастаўляецца па моры, у Міжземнамор’і і трэцім у свеце пасля Індыі і Кітая. Асноўны аб’ём паставак прыпадае на гатунак Urals.
Паводле даных Kpler, у маі імпарт Urals у Турцыю складзе каля 161 тыс. барэляў у суткі супраць 189 тыс. барэляў у перыяд са студзеня па красавік і 302 тыс. барэляў у маі 2025 года.
Скарачэнне закупак адбываецца на фоне росту сусветных цэн на нафту і скарачэння паставак з рэгіёна Пэрсідскага заліва. Паводле слоў трэйдараў, турэцкія перапрацоўшчыкі не гатовыя купляць Urals без традыцыйнага дысконту пры цяперашніх цэнах.
Дадатковым фактарам стала ўзмацненне попыту на расійскую нафту ў Азіі, перадусім у Індыі, што абмежавала даступныя аб’ёмы на рынку.
Экспарт Urals у Турцыю ў маі апусціцца да мінімуму з пачатку 2025 года. Часткова зніжэнне кампенсуецца ростам закупак CPC Blend з Каспійскага рэгіёна.