Алесь Беляцкі перадаў Папу Рымскаму асабістае пасланне
- 27.05.2026, 16:06
Праваабаронца назваў рэжым Лукашэнкі саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны.
Падчас сустрэчы з Папам Рымскім Львам XIV Алесь Беляцкі распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і папрасіў аб малітве і ўвазе да «гуманітарнай катастрофы, якая разгортваецца ў нашай краіне», піша «Хрысціянская візія».
Адзначаецца, што праваабаронца перадаў пантыфіку «асабістае пасланне».
У ім Беляцкі «апісвае сітуацыю з правамі чалавека і свабодай веравызнання ў Беларусі». «Ён нагадвае, што сёння ў краіне знаходзіцца каля тысячы палітычных зняволеных, сярод іх жанчыны і пажылыя людзі, хворыя і інваліды, шматдзетныя бацькі. Асобна праваабаронца піша пра пераслед вернікаў і святароў розных канфесій: каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай. Ён узгадвае айца Анатоля Парахневіча, арыштаванага ў сакавіку 2026 года, які перажыў інфаркт у зняволенні, але працягвае заставацца за кратамі», — удакладняе ініцыятыва.
Беляцкі ў пасланні таксама выказвае падзяку Святому Пасаду за вызваленне святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча у лістападзе 2025 года, аднак адзначае, што «пераслед не спыніўся: святары не могуць вярнуцца ў свае парафіі, а іх маёмасць канфіскавана».
Праваабаронца таксама звяртае ўвагу Папы Рымскага на «сістэматычнае знішчэнне рэжымам прававых падстаў для служэння Каталіцкай царквы ў Беларусі: закрыццё храмаў, у тым ліку касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, скасаванне рэгістрацыі грэка-каталіцкіх супольнасцей, дэпартацыю місіянераў». Ён паведаміў, што «сотні тысяч беларусаў, уключаючы каталіцкіх і праваслаўных святароў, былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій».
Асобна Беляцкі звяртаецца да нядаўняй энцыклікі папы Magnifica Humanitas, падкрэсліваючы яе цэнтральны тэзіс: непахіснасць і ўніверсальнасць правоў чалавека, заснаваных на чалавечай годнасці. «Для праваабаронцы, які заплаціў за сваю працу гадамі зняволення, гэтыя словы маюць асаблівую вагу: тое, што ён бачыў і перажыў за кратамі, было перадусім сістэмнай спробай пазбавіць чалавека яго годнасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Значная частка паслання Беляцкага прысвечана «вайне Расіі супраць Украіны і ролі ў ёй рэжыму Лукашэнкі». Праваабаронца называе беларускі рэжым «саўдзельнікам гэтай вайны і крыніцай нестабільнасці ў Еўропе». Разам з тым ён падкрэслівае: «Беларускі народ супраць вайны, больш за 200 грамадзян Беларусі знаходзяцца за кратамі менавіта за крытыку вайны і салідарнасць з украінцамі. Беларускі народ хоча жыць мірна і ў згодзе з суседзямі, аднак рэжым Лукашэнкі несамастойны, і застаецца небяспека прамога ўцягвання Беларусі ў вайну».