ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія атрымаюць новыя ваенныя падводныя дроны
- 30.05.2026, 16:18
Новыя апараты могуць паступіць на ўзбраенне войскаў краін ужо ў 2027 годзе.
Міністэрствы абароны ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі будуць працягваць распрацоўваць сучасныя падводныя беспілотнікі ў межах пагаднення AUKUS, паведамляецца ў сумеснай заяве трох ведамстваў. Новыя апараты могуць паступіць на ўзбраенне войскаў краін ужо ў 2027 годзе.
Работа вядзецца ў межах так званага «другога слупа» AUKUS. Гэта частка дамоўленасці прадугледжвае распрацоўку перадавых абаронных тэхналогій, у тым ліку квантавых, падводных і гіпергукавых, а таксама штучнага інтэлекту і кібертэхналогій.
Паводле слоў міністра абароны ЗША Піта Хегсэта, краіны распрацуюць комплекс высокаадаптыўных шматмэтавых падводных беспілотных апаратаў, прызначаных для падтрымкі падводных аперацый.
«Гэта дазволіць хутка забяспечыць нашы войскі найбольш перадавымі баявымі тэхналогіямі, бо разам мы будзем вырабляць цэлы шэраг сучасных датчыкаў і сістэм узбраення для падводных беспілотнікаў», — заявіў яго брытанскі калега Джон Хілі (цытата паводле Reuters).
Трохбаковае абароннае партнёрства гэтых краін існуе з 2021 года. Яго мэта — умацаванне бяспекі і абароннага супрацоўніцтва ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Адна з задач AUKUS — забеспячэнне Аўстраліі ўласнымі атамнымі падводнымі лодкамі.