Карвет «Бойкий» Балтыйскага флоту РФ пасля удараў дронаў не падлягае аднаўленню
3- 11.06.2026, 8:27
- 2,824
Карабель давядзецца спісаць.
Расійскі карвет «Бойкий» Балтыйскага флоту РФкарвет «Бойкий» Балтыйскага флоту РФ, па якім Сілы абароны Украіны нанеслі ўдар у ноч на 3 чэрвеня, атрымаў вельмі сур'ёзныя пашкоджанні. Пра гэта ў сваім акаўнце ў сацсетцы X напісаў OSINT-аналітык MT Anderson.
MT Anderson звярнуў увагу на новыя спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў Кранштаце, у прыватнасці, у сухім даку. На іх бачныя істотныя пашкоджанні карвета «Бойкий».
У расійскага карвета моцна пашкоджаная карма. Палуба з радарам абвалілася ўнутр, што стала вынікам пажару. Паводле OSINT-аналітыка, на караблі знішчаныя амаль усе радыёлакацыйныя станцыі і антэнныя рашоткі радыёэлектроннай барацьбы. Акрамя таго, сур'ёзна пашкоджаныя корпус і дымаход.

Мяркуецца, што ўнутраныя памяшканні гэтага ваеннага карабля цалкам выгарэлі. Зыходзячы з аналізу спадарожнікавых здымкаў, MT Anderson робіць выснову, што карвет «Бойкий» аднаўленню не падлягае. Расійскім акупантам давядзецца спісаць яго на металалом.

Нагадаем, у ноч на 3 чэрвеня Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па расійскай ваенна-марской базе «Кранштадт» на Балтыйскім моры, а таксама па ваенных і стратэгічных аб'ектах у Ленінградскай вобласці Расіі і Санкт-Пецярбургу. Пашкоджанні атрымалі марскі завод, некалькі расійскіх ваенных караблёў, а таксама нафтатэрмінал, які забяспечваў экспарт расійскай нафты.