11 чэрвеня 2026, Чацвер, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка можа дагуляцца»

3
«Лукашэнка можа дагуляцца»
Фота: AFP

Перамога Пашыняна стала трывожным сігналам для дыктатара.

Упэўненая перамога партыі Нікола Пашыняна на парламенцкіх выбарах стала чарговай геапалітычнай паразай Крэмля. Вынік выбараў пацвярджае курс Арменіі на інтэграцыю ў ЕС і выхад з расійскай арбіты.

Што значыць перамога Пашыняна для беларусаў? Які сігнал яна нам пасылае?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з былым палітвязнем, каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Войнічам:

— Пачаць варта з таго, што Расія, у прынцыпе, ужо ўсім абрыдла. І ў гэтым кантэксце ў Расіі ўвогуле, як і ў рускага народа, дзякуючы Крэмлю, саюзнікаў насамрэч не засталося.

Калі мы зараз гаворым пра Арменію, то вельмі вялікая колькасць армянаў падтрымлівала Расію. Але, паглядзеўшы на той беззаконьне, якое Расія творыла ў Грузіі і цяпер творыць ва Украіне, а таксама ў іншых краінах свету, армяне ўсё зразумелі і разгарнуліся. Ім вельмі пашанцавала, што ў іх знайшоўся сапраўды годны лідар, які думае пра армянскі народ.

Для беларусаў гэтая перамога азначае, што краіна можа змяніць свой курс. Мы бачым, што беларусы ўжо не проста скептычна, а даволі агрэсіўна, нават з нейкай пагардай і брыдлівасцю ставяцца да Крэмля. Пры гэтым беларусы не любяць Лукашэнку. Ні ў Беларусі, ні за мяжой беларусы Лукашэнку не любяць і не любілі. Лукашэнку любіць толькі сам Лукашэнка.

Гэта значыць, што зараз у любы момант, калі знойдзецца сапраўдны лідар, а такія ёсць, я цяпер кажу не пра гэтыя, у двукоссі, «афіцыйныя» дэмакратычныя сілы, якія проста распілоўваюць гранты і абкрадаюць простых беларусаў за мяжой, а пра тых лідараў, якія сапраўды могуць павесці за сабой людзей, Беларусь зменіць курс. Для гэтага патрэбны шэраг абставінаў і фактараў, якія гэтаму паспрыяюць.

Сама перамога Пашыняна для беларусаў азначае добры прыклад таго, як краіна можа змяніцца ў адзін момант. Вядома, да гэтага моманту трэба ісці.

— Фактычна адзіным саюзнікам Пуціна ў Еўропе застаецца дыктатар Лукашэнка. Што азначаюць для Лукашэнкі перамога Пашыняна і курс Арменіі на ЕС?

— Па-першае, я б не казаў, што Лукашэнка — саюзнік Пуціна. Лукашэнка хутчэй наложніца Пуціна, я б так гэта назваў, якая вымушаная нешта рабіць дзеля ўласнага выжывання ў тандэме з Пуціным. Тое самае датычыцца і ўсяго свету насамрэч. Нельга сёння сказаць, што які-небудзь Эмамалі Рахмон з'яўляецца саюзнікам Пуціна або лідар нейкай іншай азіяцкай краіны. Цяпер Расію альбо дояць, альбо з яе смяюцца.

Для Лукашэнкі перамога Пашыняна азначае, па-першае, чарговы страх у яго параноідальную скарбонку. А па-другое, званочак, што дэмакратычны свет аб'ядноўваецца і да гэтага свету далучаецца ўсё больш і больш удзельнікаў. А гэта значыць, што Лукашэнка, усё роўна, Пуцін побач ці яшчэ нейкі дыктатар, не проста не вечны. Ён не зможа ўтрымаць уладу, таму што людзей, у тым ліку ўнутры краіны, якія хочуць жыць дзеля сябе, дзеля будучыні, а не дзеля Лукашэнкі, значна больш, чым Лукашэнка паказвае па тэлевізары.

— Арменія скарысталася слабасцю Расіі, якая захрасла ў вайне супраць Украіны. Ці можа такі шанс у найбліжэйшай будучыні з'явіцца ў Беларусі?

— Я спадзяюся, што гісторыя ў найбліжэйшай будучыні дасць такі шанец беларусам. Каталізатарам можа стаць любое больш-менш значнае здарэнне: пачынаючы са смерці Лукашэнкі або смерці Пуціна і заканчваючы шызафрэніяй дыктатара, якая прымусіць яго, груба кажучы, націснуць на чырвоную кнопку. Альбо шызафрэніяй дыктатара Лукашэнкі, альбо пуцінскай шызафрэніяй.

Мы цяпер выдатна бачым, як Беларусь правакуе Еўропу, у прыватнасці Літву, Латвію і Польшчу, сваімі дробнымі, пакостнымі, агрэсіўнымі выпадамі. Гэта мігранты, якія пруцца праз мяжу, метэазонды і гэтак далей. Гэта, дарэчы, і беспілотнікі, якія залятаюць на тэрыторыю Еўрасаюза з боку Беларусі.

Лукашэнка можа дагуляцца. Гэта можа стаць не проста трыгерам, а каталізатарам таго, што Украіна, як і абяцала, не проста сіметрычна, а ў дзесяць разоў мацней адкажа не Беларусі, а менавіта Лукашэнку. І гэта, у сваю чаргу, ужо можа стаць каталізатарам змены ўлады і пераходу да нармальнага перспектыўнага курсу нашай краіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках