«Кожны думае, як вывесці грошы і з'ехаць»
- 29.06.2026, 22:40
- 2,162
Расійскія эліты рыхтуюцца да эскалацыі вайны пасля удараў Украіны ўглыб Расіі.
У расійскіх элітах расце нервовасць з-за магчымай ваеннай эскалацыі, на якую можа пайсці Уладзімір Пуцін у адказ на далёкабойныя ўдары па Расіі, піша The Washington Post.
Серыя налётаў дронаў, якая закранула 9 з 10 найбуйнейшых расійскіх НПЗ, а таксама абаронныя прадпрыемствы ў Варонежы, Валгаградзе і Тульскай вобласці, дадае занепакоенасці чыноўнікам, якія ўжо ламаюць галаву, як утрымаць эканоміку на плаву і звесці бюджэт, дэфіцыт якога па выніках студзеня—мая перавысіў 6 трыльёнаў рублёў.
«Недастаткова сістэм СПА, каб абараніць нашу інфраструктуру, гэта ясна, — сказаў WaPo маскоўскі бізнесмен. — Ніхто не ведае, што зрабіць, каб павялічыць вытворчасць. Гэта жудасная сітуацыя, якой Пуцін і яго найбліжэйшае кола, здаецца, не чакалі. Яны не рыхтаваліся да працяглай вайны і не гатовыя да вайны дронаў».
Пашырэнне ўкраінскіх удараў, якія пагражаюць ізаляваць Крым і ўжо справакавалі наймацнейшы ў гісторыі краіны паліўны крызіс, накладваецца на пагаршэнне геапалітычнай абстаноўкі, адзначае WaPo: Дональд Трамп пагразіў новымі санкцыямі, пахваліў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, а таксама ўпершыню падпісаўся пад дэкларацыяй G7, дзе гаварылася пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Усё гэта відавочныя «трывожныя званочкі», кажа іншая крыніца выдання, блізкая да расійскага дыпламатычнага корпуса.
Праблемаў эканоміцы дададуць падаючыя цэны на нафту: пасля пагаднення ЗША і Ірана кошт барэля расійскай маркі Urals апусціўся да $50, у той час як Мінфіну трэба знайсці грошы на павелічэнне ваенных выдаткаў, на якія ў першым квартале пайшоў кожны другі выдаткаваны бюджэтам рубель і дзве трэці сабраных у яго падаткаў.
З улікам «вялізнага дэфіцыту» і амаль вычарпанага Фонду нацыянальнага дабрабыту ўрад будзе больш пазычаць — а гэта, у сваю чаргу, будзе разганяць інфляцыю, сказаў WaPo былы высокапастаўлены чыноўнік фінансавага блока.
Тым не менш, Пуцін наўрад ці паддасца ціску і, найбольш верагодна, будзе шукаць спосабы ўзмацніць адказныя ўдары па Украіне, піша WaPo. «Здаецца, нас наперадзе чакае новы цыкл эскалацыі», — сказаў суразмоўца выданню, блізкі да дыпламатычнага корпуса.
Сярод бізнес-супольнасці растуць асцярогі, што дзяржава будзе шукаць спосаб «залезці» ў зберажэнні прыватных асоб, каб аплаціць вайну, піша WaPo. Слухі аб канфіскацыі ўкладаў, якія ходзяць з канца 2024 года, атрымалі нечаканы працяг у чэрвені, калі «мабілізаваць» грошы насельніцтва і кампаній, што ляжаць у банках, раптам прапанаваў кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў. І хоць пазней ён адхрысціўся ад сваіх заяў, гэта не пагасіла страхі. «Урад можа паспрабаваць дастаць грошы любымі спосабамі. Кожны думае пра тое, як вывесці грошы і з'ехаць», — сказаў WaPo маскоўскі бізнесмен.
Адсутнасць падрыхтаванасці тыповая для сістэмы Пуціна, дзе ўсё пабудавана на яго дамінуючай ролі, а каардынацыя паміж галінамі ўлады — нізкая, падкрэслівае Таццяна Становая, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі. «Гэта вечная праблема расійскіх уладаў» і «сур'ёзны тэст для расійскай эканомікі і насельніцтва», падкрэслівае яна: «Застаецца пытанне, ці ёсць у іх план дзеянняў або разуменне, як дзейнічаць у гэтай сітуацыі».