8 чэрвеня 2026, панядзелак, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ISW: Расію чакаюць «каскадныя наступствы»

ISW: Расію чакаюць «каскадныя наступствы»
Фота: Трэці армейскі корпус

ЗСУ ўзялі пад кантроль лагістыку расіян на поўдні.

Удары сярэдняй далёкасці (middle strike), якія Украіна наносіць па лагістычных маршрутах расіян на акупаваных тэрыторыях поўдня і ўсходу Украіны, працягваюць парушаць расійскую лагістыку, і гэтыя аператыўныя наступствы, верагодна, будуць толькі ўзмацняцца ў найбліжэйшы час.

Такі прагноз агучвае у сваім дакладзе Інстытут вывучэння вайны.

Аналітыкі ISW звярнулі ўвагу на патэнцыйныя наступствы ўкраінскага агнявога кантролю над расійскімі лагістычнымі маршрутамі ўздоўж аўтамагістралі М-04 Ізварыне — Данецк — Дніпро. Яшчэ 31 мая Трэці армейскі корпус ЗСУ паведаміў, што Луганск, Старабельск, Алчэўск, Брянка, Кадыеўка і нават раён КПП Ізварыне на мяжы з Расіяй (усе — Луганская вобласць) ад гэтага часу знаходзяцца пад кантролем беспілотнікаў Трэцяга армейскага корпуса.

Спецыялісты ISW са спасылкай на ацэнкі ўкраінскіх дронараў канстатуюць, што гэта траса М-04 з’яўляецца нават больш важным лагістычным маршрутам для акупантаў, чым аўтамагістраль М-14, якая злучае Растоўскую вобласць з Крымам праз поўдзень Украіны. Праз М-04 Расія пастаўляе грузы ў акупаваны Крым, на поўдзень Украіны, у Луганскую вобласць (праз Мілерава і Каменск-Шахцінскі ў Растоўскай вобласці) і Данецкую вобласць (праз Навашахцінск у Растоўскай вобласці).

У ISW дадаюць, што аўтамагістралі М-04 і М-14 узаемазвязаныя, пры гэтым украінскія войскі наносяць удары і па ўчастках аўтамагістралі H-20, якая злучае трасы М-04 з М-14 праз Данецк. Таму, як мяркуюць спецыялісты, удары Украіны, верагодна, выклічуць яшчэ больш глыбокія каскадныя наступствы ў аператыўным тыле Расіі ў найбліжэйшы час.

Пакуль жа гэтыя намаганні Сіл абароны Украіны працягваюць ускладняць расійскую лагістыку ўздоўж трас М-04 і М-14. Расійскі стаўленік на акупаваных тэрыторыях Луганшчыны Леанід Пасечнік 6 чэрвеня выдаў указ аб забароне руху камерцыйных пасажырскіх транспартных сродкаў уздоўж участку трасы М-04, якая праходзіць праз Луганскую вобласць. Кіраўнік Цэнтра вывучэння акупацыі Пятро Андрушчанка 7 чэрвеня паведаміў, што расійскім войскам давялося змяніць свой лагістычны маршрут Марыупаль — Бердзянск, і цяпер яны выкарыстоўваюць меншыя мясцовыя дарогі паблізу ўзбярэжжа замест трасы М14, якая злучае два гарады. Андрушчанка дадаў, што расійскія войскі спрабуюць замаскіраваць сваю вайсковую тэхніку пад грамадзянскую, змяняючы колер тэнтаў на кузавох грузавікоў і перафарбоўваючы грузавікі ў белы колер.

У ISW мяркуюць, што выкарыстанне невялікіх дарог і аб’ездаў, верагодна, запаволіць расійскую лагістыку, тады як украінскія войскі, верагодна, будуць працягваць паражаць расійскую тэхніку на маршрутах у гэтых раёнах у найбліжэйшы час.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках