8 чэрвеня 2026, панядзелак, 15:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эстонцаў заклікалі праявіць крэатыўнасць і даць назвы 20 амёбам

Эстонцаў заклікалі праявіць крэатыўнасць і даць назвы 20 амёбам

Знешні выгляд і лад жыцця амёб змяняюцца на розных этапах развіцця.

Эстонскія вучоныя папрасілі жыхароў краіны праявіць крэатыўнасць і прыдумаць назвы для 20 амёб.

Гаворка ідзе пра так званыя слізевікі — незвычайныя арганізмы, якія не адносяцца ні да раслін, ні да жывёл, ні да грыбоў. З-за іх складанага жыццёвага цыклу і будовы іх вылучылі ў асобнае царства амёб, піша «Еўрапульс».

Знешні выгляд і лад жыцця гэтых амёб змяняюцца на розных этапах развіцця. Спачатку слізевікі існуюць у выглядзе драбнюткіх істот у глебе або на раслінных рэштках. Пры спрыяльных умовах яны аб’ядноўваюцца і разрастаюцца ў вялікую рухомую слізістую масу.

Чаму слізевікі важныя? Справа ў тым, што гэтыя незвычайныя амёбы сілкуюцца клеткамі вадарасцей, спорамі грыбоў і бактэрыямі. Найчасцей іх можна сустрэць на гнілой драўніне, пнях, апалым лісці і ў іншых вільготных месцах. Дзейнасць слізевікаў дапамагае арганічным рэчывам раскладацца і тым самым адыгрывае важную ролю ў падтрыманні балансу лясной экасістэмы.

У калекцыі Эстонскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук захоўваецца больш за 1200 экзэмпляраў слізевікаў. Першыя ўзоры пачалі збіраць балтыйскія немцы яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

Каб адзначыць важны ўклад гэтых амёб у падтрыманне экалагічных сістэм лясоў краіны, вучоныя вырашылі даць эстонскія «імёны» хаця б дваццаці з іх. Пакуль яны ёсць толькі ў трох слізевікаў, а астатнія маюць толькі лацінскія назвы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках