ЗША папярэдзілі Польшчу аб магчымай узброенай правакацыі РФ
2- 3.07.2026, 12:33
- 4,944
Як акупанты могуць яе арганізаваць.
Злучаныя Штаты папярэдзілі Польшчу аб магчымай падрыхтоўцы Расіяй узброенай правакацыі на тэрыторыі краіны, мэтай якой можа стаць праверка гатоўнасці НАТА да калектыўнага адказу.
Вашынгтон неаднаразова перадаваў Варшаве разведвальныя папярэджанні аб магчымых дзеяннях Масквы, паведамляюць польскае выданне Onet і The Telegraph са спасылкай на крыніцы, блізкія да прэзідэнта Польшчы Кароля Навроцкага, а таксама суразмоўцаў у сферы бяспекі.
Сярод верагодных сцэнарыяў называюць удары беспілотнікамі або ракетамі па крытычнай інфраструктуры Польшчы, а таксама пранікненне расійскіх або беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю краіны – невялікае наземнае ўварванне расійскіх салдат праз усходні фланг НАТА.
Крыніцы ў польскіх спецслужбах мяркуюць, што Расія можа арганізаваць атаку на энергетычныя аб’екты або імітаваць авіяцыйны ўдар, каб прымусіць Польшчу задзейнічаць сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Таксама разглядаецца сцэнар так званай гібрыднай атакі ў прыгранічнай зоне.
Суразмоўцы не выключаюць, што Расія можа прадставіць гэта як выпадковае ўварванне на польскую тэрыторыю з-за збою GPS або як сумнеўную выратавальную аперацыю па эвакуацыі няспраўнага верталёта.
«Расія будзе разлічваць на тое, што замест таго, каб адкрываць агонь па расійскіх або беларускіх салдатах у такой сітуацыі, Польшча будзе вымушаная весці перамовы з Расіяй або Беларуссю, а не адказваць сілай», – паведамілі польскія крыніцы.
Адзначаецца, што спыненне падтрымкі Украіны Захадам можа стаць нават цэнтральным патрабаваннем Расіі ў межах такіх перамоваў у абмен на вывад войскаў з Польшчы.
Другая крыніца, у пасольстве ў адной з краін-саюзніц Польшчы па НАТА, таксама пацвердзіла, што правакацыя ў адной з балтыйскіх краін уяўляе сур’ёзную рызыку. Тое самае заявіла крыніца ў польскім міністэрстве абароны.
Чацвёртая крыніца ў сферы бяспекі краін Балтыі пацвердзіла выданню The Telegraph, што такія планы абмяркоўваліся ў Маскве. Расія можа потым паспрабаваць заявіць, што правакацыю здзейсніла Украіна.