Расія павялічыла імпарт бензіна з Беларусі да гістарычнага максімуму
- 5.07.2026, 12:55
- 1,238
Але гэта наўрад ці зможа пакрыць патрэбы расійскага рынку паліва.
У чэрвені 2026 года Расія рэзка павялічыла імпарт бензіна з Беларусі. Пра гэта піша расійскае выданне «Ведамасці», якое азнаёмілася з данымі Цэнтра цэнавых індэксаў (ЦЦІ).
Паводле дадзеных цэнтра, за перыяд з 1 да 25 чэрвеня 2026 года імпарт беларускага бензіна ў Расію дасягнуў 141 тысячы тон, што ў 2,4 раза перавышае аб'ём паставак за ўвесь май.
Для параўнання: у чэрвені 2025 года аб'ём імпарту бензіна з Беларусі быў нязначны — ён склаў толькі 1 тыс. тон.
Аднак, як падкрэсліваюць «Ведамасці», гэта наўрад ці зможа пакрыць патрэбы расійскага рынку паліва. Паводле інфармацыі крыніц Reuters, спажыванне бензіна ў Расіі летам, калі попыт на паліва высокі, складае не менш як 110 тысяч тон у суткі.
У канцы чэрвеня 2026 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што з-за ўкраінскіх удараў па крытычна важнай інфраструктуры ёсць дэфіцыт, але назваў яго «некрытычным».