16 жнiўня 2026, Нядзеля, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расіяне масава выводзяць грошы з краіны

2
Расіяне масава выводзяць грошы з краіны

Украінская разведка даведалася цікавыя падрабязнасці.

Расіяне пачалі актыўна выводзіць зберажэнні за мяжу і скупляць валюту на фоне санкцыяў і чакання новых абмежаванняў з боку Крамля.

Пра гэта паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.

Расіяне рэзка нарасцілі пералічэнні грошай на рахункі замежных брокераў, спрабуючы вывесці частку капіталу з краіны, перш чым гэта стане складаней. Паводле дадзеных разведкі, са снежня 2024-га па чэрвень 2026-га дамашнія гаспадаркі РФ пералічылі нерэзідэнтным брокерам амаль 600 млрд рублёў.

Гэта сума перавышае аб'ём аналагічных пералічэнняў за папярэднія сем гадоў разам узятых.

Асабліва прыкметна пералічэнні выраслі вясной 2026 года. У красавіку—чэрвені расіяне штомесяц пералічвалі замежным брокерам каля 42–45 млрд рублёў, што эквівалентна больш як 500 млн долараў.

Паводле ацэнкі СЗРУ, прыблізна 40% гэтых сродкаў — фактычны вывад грошай з Расіі. Тры чвэрці гэтай сумы прыпадаюць на так званыя «паркавальныя» рашэнні, калі брокерскі рахунак фактычна выкарыстоўваецца замест валютнага банкаўскага рахунку.

Яшчэ каля чвэрці пералічэнняў звязана з падрыхтоўкай да магчымога пераезду за мяжу.

Расіяне зноў скупляюць валюту

Паралельна насельніцтва РФ вярнулася да актыўнай куплі наяўнай замежнай валюты.

У чэрвені чыстыя пакупкі валюты расіянамі склалі 54,9 млрд рублёў. У маі паказчык дасягнуў 52,2 млрд, а ў красавіку — 51,8 млрд рублёў.

Такім чынам, усяго за тры месяцы расіяне набылі наяўную валюту амаль на 159 млрд рублёў. Паводле дадзеных разведкі, гэта рэкордны паказчык з першых месяцаў паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

У той жа час грамадзяне РФ пачалі актыўней здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў. За студзень—ліпень з банкаўскай сістэмы Расіі ў наяўныя пайшло каля 2 трлн рублёў. Толькі ў ліпені насельніцтва зняло каля 620 млрд рублёў.

Чаго баяцца расіяне

У СЗРУ звязваюць такія паводзіны насельніцтва з санкцыямі і ўсё больш жорсткім стаўленнем заходніх банкаў да расійскіх грошай.

Дадатковым фактарам стала рашэнне ЕС у канцы мінулага года ўключыць Расію ў спіс краін з высокімі рызыкамі ў сферы супрацьдзеяння адмыванню сродкаў.

У той жа час расіяне баяцца магчымага ўзмацнення ўнутранага рэжыму пасля выбараў у Дзяржаўную думу. Сярод магчымых сцэнароў называюць увядзенне ваеннага становішча або новую мабілізацыю.

Пакуль расійскія банкі працягваюць атрымліваць наяўныя долары і еўра праз трэція краіны, нягледзячы на санкцыі на прамыя пастаўкі амерыканскай і еўрапейскай валюты.

Аднак сітуацыя можа змяніцца, калі Кангрэс ЗША прыме новыя жорсткія санкцыі супраць Расіі. У гэтым выпадку адзін з каналаў пастаўкі наяўнай валюты можа быць перакрыты.

Гэта можа прывесці да дэфіцыту наяўнай валюты на расійскім рынку, пасля чаго Цэнтральнаму банку РФ давядзецца абмяжоўваць яе продаж. Калі аналагічныя абмежаванні ўвядзе Еўрапейскі саюз, праблемы могуць узнікнуць і з даступнасцю еўра.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках