Расію адсунулі на другі план на Блізкім Усходзе
1- 16.08.2026, 14:08
Яшчэ нядаўна Масква мела значна мацнейшыя пазіцыі.
Пасля падзення рэжыму Башара Асада у Сірыі ў 2024 годзе пазіцыі Масквы на Блізкім Усходзе прыкметна аслабелі. Расія, якая яшчэ нядаўна лічылася адным з галоўных гульцоў рэгіёна, цяпер паступова ператвараецца ў «другарадную сілу», піша South China Morning Post (пераклад — сайт Charter97.org).
Пры гэтым цалкам выцесніць Маскву з Сірыі не ўдалося. Расія захавала два найважнейшыя ваенныя аб'екты — авіябазу Хмеймім і частку порта Тартус. Апошні асабліва важны для Крэмля, бо гэта адзіная расійская вайскова-марская база з выхадам у Міжземнае мора.
Паводле пагаднення з новымі сірыйскімі ўладамі расійскія аб'екты плануецца пераўтварыць у сумесныя цэнтры падрыхтоўкі і развіцця ваенных магчымасцяў. Расійскія вайскоўцы, як паведамляецца, таксама могуць працягваць знаходзіцца на гэтых аб'ектах.
«Роля Расіі на Блізкім Усходзе захоўваецца, але пераходзіць да статусу другараднай сілы», — адзначае выданне.
Яшчэ нядаўна Масква мела значна мацнейшыя пазіцыі. Пасля пачатку ваеннай аперацыі ў Сірыі ў 2015 годзе Расія стварыла там сетку каля 100 ваенных аб'ектаў і стала адным з ключавых саюзнікаў Асада.
Пасля яго ўцёкаў у Маскву чакалася, што Крэмль страціць свае базы і фактычна будзе выціснуты з рэгіёна. Аднак гэтага не адбылося.
Тым не менш былога ўплыву ў Масквы ўжо няма. Перабудова рэгіянальных саюзаў, аслабленне Ірана і з'яўленне новых цэнтраў сілы змушаюць Расію дзейнічаць значна больш асцярожна.
Для Крэмля захаванне Хмейміма і Тартуса стала важным дыпламатычным поспехам, але адначасова паказала маштаб таго, што адбылося: Расія ўжо не дыктуе правілы на Блізкім Усходзе, а спрабуе захаваць за сабой месца за перамовным сталом.