Чамаданава з касой
- Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»
- 16.08.2026, 14:38
- 1,950
Скажуць капаць — будуць капаць. Фарбаваць паркан. Піць рапсавы алей.
Нядаўна ў Бярозаўскім раёне на Берасцейшчыне адбыўся традыцыйны экафестываль «Спораўскія сенакосы-2026». Прайшоў ён, дарэчы, ужо ў 19‑ы раз, і наўрад ці прыцягнуў бы шырокую ўвагу публікі, калі б не рэпартаж пра чэмпіянат па ручным пакосе травы на нізінных балотах.
У ім узяла ўдзел кіраўніца праўладнай партыі «Белая Русь», былая прэс-сакратарка МУС РБ Вольга Чамаданава — і адзначылася, насмешыўшы сацсеткі стылем «раззудзіся, плячо, размахніся, рука». Ні пра якую чысціню і якасць пракосу гаворкі не ішло.
Але справа нават не ў тым, што чыноўніца ўзялася за тое, чаго, відавочна, не ўмее, і выставіла сябе ў смешным святле. На месцы Чамаданавай мог быць любы іншы функцыянер. Сітуацыя яскрава падсветліла, да чаго прыводзіць шматгадовая адмоўная кадравая селекцыя — калі галоўнае лаяльнасць, а не кампетэнцыі.

Калі прафесіянал усведамляе свой асабісты парог некампетэнтнасці і не бярэцца за задачы, для вырашэння якіх яму бракуе ведаў і навыкаў, то прызначэнцы — проста выконваюць загады кіраўніцтва, як умеюць, і касплеяць яго стыль.
Таму мы рэгулярна бачым сляпое капіраванне лукашэнкаўскімі чыноўнікамі паводзінаў іх правадыра — «збаўцы ўсёй Беларусі», гісторыка, дрывасека, агранома, баяніста, лекара, настаўніка, ваеннага, фатографа, спартсмена, крыху канферансье, моцнага гаспадарніка etc (спіс таго, кім мог бы стаць Лукашэнка на пенсіі, няўхільна расце).
Той з’яўляецца на «ўсенародныя будоўлі» памяшаць бетон і адарыць народ мудрасцю, гладзіць каровак, коле дровы, на восьмым дзесятку гадоў з баскетбольным лікам грае ў хакей — ну і чарада падначаленых імкнецца не адставаць.
І зусім не важна, што ККД ад іх удзелу ў суботніках, уборачнай кампаніі або ручным пакосе блізкі да нуля. Справа ж не ў выніку, а ў дэманстрацыі, што ўсе ў адным страі, а калі і вагаюцца, дык толькі разам з лініяй партыі.
Таму кожны захоплена заняты не сваёй справай. Прапагандысты сякуць дровы, экс-міністр МУС захоплена катаецца на трактары і загадвае «саджаць канюшыну», экс-кіраўнік Мінздароўя і будучы начальнік Акадэміі навук кідаецца капустай, работнікі выканкамаў пазіруюць з лапатамі, самотная манашка прывівае сіротам «сямейныя каштоўнасці», сяляне бяруць у рукі вінтоўкі, а дзяўчына — вясло. То бок, прабачце, Чамаданава — касу.

І з аднаго боку, добра, што касу — у полі, а не аўтамат пасярод горада. Так хоць пацярпела толькі трава і самалюбства чыноўніцы (і то, калі яна, па прыкладзе патрона, «чытае ЦікТок»). А з другога — нам зноў і зноў дэманструюць, што дна ў чыноўніцкім лізаблюдстве няма.
Скажуць капаць — будуць капаць. Фарбаваць паркан. Піць рапсавы алей. Майстраваць табурэткі. Дарыць хрысцільныя кашулькі. Бадзёра, з песняй і камсамольскім запалам.
Праўда, і Лукашэнка, і яго прызначэнцы, заігрываючы з «глыбінным народам, людзьмі ад сахі і касы», не заўважаюць, што гэты народ з імі даўно ўжо не ў адным пакоі. І нават калі ў адной краіне, дык у розных часах.
Бо большасць беларусаў глядзіць у будучыню, а аўтарытарны рэжым — у мінулае.
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»