«Лукашэнка баяўся, што 500 тысяч ідуць на яго, і вельмі хутка вылецеў»
Ігар Лосік распавёў, як за кратамі ўспрынялі самы масавы марш у гісторыі Беларусі.
Шэсць гадоў таму, 16 жніўня 2020 года, у Мінску адбыўся самы масавы марш у гісторыі краіны — яго ўдзельнікі выступалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Паводле ацэнак незалежных медыя, у шэсці ўдзельнічала ад 200 да 400 тысяч чалавек. Блогер Ігар Лосік, які тады знаходзіўся за кратамі, распавёў у сваіх сацсетках, як там успрымалі гэтыя падзеі.
«У гэты дзень я сядзеў на Валадарцы, глядзеў, як НТВ паказваў два сюжэты: у першым Лукашэнка сабраў мітынг з 5 тысячамі чалавек сваёй масоўкі, якіх звозілі аўтобусамі і нават спецыяльнымі цягнікамі. Другі — той гіганцкі марш у некалькі сотняў тысяч чалавек пад бела-чырвона-белымі сцягамі», — узгадваў Лосік.

Паводле яго слоў, у сюжэце НТВ пад словы Лукашэнкі «Мне перадалі МУС, што нас тут 65 тысяч» паказалі здымкі з квадракоптара. «Гэта жменька людзей каля помніка Леніну рассмяшыла ўсіх у камеры, тым больш што ён часта пазіраў на гадзіннік, відаць, баяўся, што 500 тысяч ідуць на яго, і вельмі хутка вылецеў», — адзначаў блогер.
А вось кадры са Стэлы выклікалі іншую рэакцыю. «Нават ахова на прадоле прыфігела. А яны глядзелі ў адкрытыя кармушкі нашы тэлевізары ў камерах. Увечары, нягледзячы на тое, што на вуліцу вынеслі дынамікі і ўключылі музыку на поўную гучнасць, мы чулі, як сабраныя людзі крычаць «Свабоду Ціханоўскаму! Свабоду Статкевічу! Свабоду Лосіку!» і здавалася, што хутка нас вызваляць. Нервнічалі і прадольныя», — узгадваў Лосік.
На яго думку, наверсе таксама разглядалі такі варыянт. Таму ў ноч на 18 жніўня зняволеных паднялі сярод ночы, сказалі, што вязуць дадому, аднак «з маскі-шоў, заламваннем і здзекамі спецыяльным этапам павезлі ў СІЗА ў Жодзіне, падалей ад Мінска».