Борт з талібамі ў Мінску: што хавае Лукашэнка?
6- 20.08.2026, 9:55
- 3,912
Прапаганда замоўчвае падрабязнасці візіту.
Дэлегацыя Афганістана ў складзе 13 чалавек наведала Беларусь. У афіцыйных крыніцах сцвярджаецца, што талібы прыбылі па запрашэнні Мінска, каб узяць удзел у працы Сумеснай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі.
Нагадаем, папярэдняя сустрэча ў Мінску адбылася ў лютым 2026 года. Тады МЗС меў зносіны з прадстаўнікамі Нацыянальнай карпарацыі развіцця Афганістана на тэму «актывізацыі кантактаў», а міжнародныя медыя адзначылі, што рэжым Лукашэнкі не бачыць нічога заганнага ў дыялогу з «Талібанам».
На гэты раз групу ўзначаліў міністр сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Маўлаві Атаулла Амары. Таксама ў складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі ўрада, дзяржаўных кампаній, ведамстваў транспарту і грамадзянскай авіяцыі, фінансаў, замежных спраў і гандлю Афганістана.
У чым рэжым Лукашэнкі бачыць для сябе выгаду ад гэтых адносін, ці не баіцца беларуская ўлада іх таксічнасці, і што можа быць патрэбна Афганістану ў нашай краіне?
Паводле меркавання гісторыка і палітолага Розы Турарбекавай, пытанні рэпутацыі беларускія ўлады мала турбуюць:
— Цяжка сапсаваць імідж, якога няма, — адзначыла экспертка ў эфіры «Еўрарадыё». — Але тут, па-першае, я хацела б адрозніць талібаў, іх рэжым ад афганскага народа. Як мы аддзяляем беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі.
Сёння Афганістан знаходзіцца ў вельмі складаных умовах. З-за міжнароднай ізаляцыі, з-за таго, што з імі ніхто не хоча мець справу і, вядома, з-за ўнутранай сітуацыі — у іх фактычна гуманітарная катастрофа.
Талібам складана кіраваць краінай, пры гэтым палове насельніцтва, жанчынам, яны забаранілі працаваць, зыходзячы з радыкальнай ісламісцкай дактрыны, плюс праблема з непісьменнасцю, таму ім патрэбныя замежныя спецыялісты.
І яны вымушаныя на дыпламатычным фронце змагацца, калі не за прызнанне, дык за ўсталяванне хоць нейкіх працоўных адносін. Куды могуць, туды і прабіраюцца.
Зрух нумар адзін у гэтым плане, не надта добры, — з Расіяй, дзе «Талібан» перасталі прызнаваць тэрарыстычнай арганізацыяй і вядуць з імі нават ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Нядрэнныя працоўныя адносіны ў талібаў усталяваныя з Кітаем, які бярэ ўдзел у распрацоўцы шэрагу важных радовішчаў.
Пры гэтым з інфраструктурнымі праектамі, з іх развіццём ёсць вельмі вялікія пытанні. Бо рух «Талібан» прызнаны тэрарыстычным шэрагам вядучых дзяржаў свету, уключна з ЗША. Хаця нядаўна талібы звярталіся да Дональда Трампа з прапановай вярнуцца ў Афганістан — як я разумею, ідзе гаворка пра тэхнічную дапамогу.
Нават у Бруселі іх нядаўна прымалі, хаця ў сувязі з гэтым быў скандал і гарачыя дэбаты ў Еўрапарламенце, і некаторыя еўрадэпутаты прасілі прабачэння ў афганскіх жанчын.
А што талібам спатрэбілася ў Мінску? Па-першае, кажа Роза Турарбекава, гэта адно з нямногіх месцаў, дзе іх заўсёды прымаюць. Па-другое, не проста прымаюць, але і ніколі не прызнавалі тэрарыстычнай арганізацыяй (пра гэта Лукашэнка нагадаў яшчэ ў 2021 годзе, пасля імклівага прыходу талібаў да ўлады).
Але яшчэ да гэтага ў дзвюх краін, нагадвае экспертка, пачалі развівацца адносіны пры актыўным удзеле Узбекістана:
— Я дакладна ведаю, што ўзбекі надалі сваю інфраструктуру, і беларускія тавары ў пэўнай колькасці траплялі ў Афганістан да 2021 года. Таму нашыя тавары ім вядомыя, знаёмыя — і яны хацелі б і далей гэта атрымліваць. Вось і прыехала вялікая дэлегацыя на чале з міністрам сельскай гаспадаркі. Але, што цікава, у яе ўвайшлі і намеснікі кіраўнікоў усіх ключавых ведамстваў, уключаючы МЗС і Міністэрства фінансаў.
Сёння, як мы ведаем, Узбекістан зноў прыйшоў у Беларусь: прыехалі працоўныя мігранты, узбекскі бізнес зацікаўлены ў сферы сельскай гаспадаркі, адкрыліся ўзбекскія гандлёвыя дамы ў Гродне і Мінску. Магчыма, за ўзбекамі пацягнуліся і афганцы.
Але яшчэ больш цікавы момант, адзначыла Турарбекава, — маўчанне прапаганды: ні інфармацыйнае дзяржагенцтва БелТА, ні прэс-служба Савміна, ні МЗС Беларусі не паведамлялі пра сустрэчу з афганскім бокам. Здавалася б, да чаго сакрэтнасць, калі нават Еўропа ў прагматычных мэтах пачынае дыялог з такімі адзіёзнымі групамі, што прыйшлі да ўлады ў Афганістане? І вось гэта — вялікае пытанне.