На АЗС у Маскве рыхтуюць расіян да найгоршага сцэнару
3- 21.08.2026, 19:15
- 1,134
Дэфіцыт паліва можа працягнуцца ўвесь верасень.
Дэфіцыт паліва ў Расіі, справакаваны ўкраінскімі ўдарамі па нафтаперапрацоўчых заводах і іншай паліўнай інфраструктуры краіны, у найбліжэйшы час знікаць не збіраецца. Судзячы з усяго, цяперашняя сітуацыя захаваецца як мінімум увесь верасень. Пра гэта распавяла супрацоўніца адной з маскоўскіх заправачных станцый, адказваючы на пытанне кліента пра тое, калі чакаць заканчэння бензінавага крызісу. Відэа з гэтай размовай актыўна разыходзіцца па сацсетках, піша «Дыялог».
На кадрах бачная вялікая чарга да адной з АЗС у Маскве — супрацоўніца запраўкі папярэджвае кіроўцаў, што ўжо ў 14:00 станцыя закрываецца, бо бензін скончыўся.
«Мы зараз закрываемся, паліва заканчваецца. Усё, мы ў 2 спыняемся. Адкроемся ў лепшым выпадку ў 5, калі прыйдзе бензінавоз», — паведаміла яна.
На ўдакладняльнае пытанне аднаго з кіроўцаў, ці ёсць нейкая інсайдэрская інфармацыя пра тэрміны заканчэння паліўнага калапсу, супрацоўніца АЗС адказала, што прагнозы «вельмі дрэнныя».
«Пакуль прагнозы вельмі дрэнныя. Верасень дакладна вось так і пажывём. Нічога зрабіць не паспяваюць», — дадала яна.
Падобная карціна назіраецца не толькі ў Маскве і вобласці, але і ў цэлым шэрагу іншых расійскіх рэгіёнаў. Так, у Сеціве апублікавана відэа ад 20 жніўня з велізарнай чаргой да запраўкі ў Геленджыку Краснадарскага краю.
«Перад намі 180 аўтамабіляў, за намі не менш», — кажуць кіроўцы на відэа, дадаючы, што ў надзеі запраўіцца людзям даводзіцца стаяць у чэргах да 16 гадзін.