Зяленскі раскрыў падрабязнасці сваркі Фёдарава і Сырскага
3- 23.08.2026, 14:43
- 1,732
Былыя міністр абароны і начальнік Генштаба ЗСУ не кантактавалі паміж сабой.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў падрабязнасці канфлікту былога міністра абароны Міхаіла Фёдарава з тагачасным галоўнакамандуючым ЗСУ Аляксандрам Сырскім, па выніках якога абодва былі звольненыя, перадае «Суспільне».
Паводле слоў Зяленскага, адной з прычын кадравых перастановак стаў канфлікт паміж Міністэрствам абароны Украіны і вайсковым камандаваннем. Паводле задумы Мінабароны павінна адказваць за забеспячэнне арміі, тады як правядзенне аперацый і кіраванне войскамі належыць да кампетэнцыі вайсковых, патлумачыў ён.
«Не можа быць канфлікту на такім узроўні паміж кіраўнікамі. Ёсць тая ці іншая аперацыя на полі бою — ёй займаюцца перадусім вайскоўцы. Забеспячэннем займаецца Міністэрства абароны Украіны. Калі хтосьці заходзіць у сферу адказнасці іншага, гэта непазбежна прывядзе да канфлікту. І канфлікт адбыўся — і вельмі сур'ёзны», — сказаў Зяленскі.
Як высветлілася, яшчэ на пачатку працы Фёдарава ў Мінабароны Украіны яны асобна дамовіліся пра размежаванне паўнамоцтваў. Аднак потым міністр прадставіў канцэпцыю так званага «міністэрства вайны», паводле якой начальнік Генштаба ЗСУ фактычна падпарадкоўваўся б міністру абароны. Зяленскі сцвярджае, што папрасіў адмовіцца ад такой мадэлі, але пазней Фёдараў спрабаваў рэалізаваць падобны падыход іншымі спосабамі. Сырскі, у сваю чаргу, «пачаў адказваць сваёй бюракратыяй на іншую бюракратыю».
У выніку падчас адной з сустрэч Фёдараў прапанаваў «сумленна звольніць абодвух». На гэта Зяленскі адказаў, што кадравыя рашэнні будуць прымацца паслядоўна, бо ён не лічыў магчымым адначасова змяняць і міністра абароны, і галоўнакамандуючага падчас вайны.
Урэшце, паводле слоў украінскага лідара, Фёдараў і Сырскі фактычна перасталі камунікаваць наўпрост і абмяркоўвалі пытанні толькі падчас сустрэч у ягоным кабінеце. За два тыдні да кадравага рашэння Зяленскі прапановаў ім самастойна сустрэцца і ўрэгуляваць супярэчнасці, аднак гэтага не адбылося.
Пры гэтым прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што пазітыўна ставіцца да Фёдарава, і адзначыў яго вынікі ў сферы лічбавізацыі. Пасля рашэння змяніць кіраўніцтва Мінабароны Зяленскі, паводле яго слоў, чатыры разы прапаноўваў звольненаму міністру розныя варыянты далейшай працы.
«Я прапанаваў яму чатыры разы розныя фарматы далейшай працы ў камандзе на карысць нашай дзяржавы. Звычайна я не сустракаюся з людзьмі чатыры разы, каб прапанаваць ім працу. <�…> Міхаіл адмовіўся ад усіх чатырох прапаноў. Ну што ж, гэта яго выбар», — дадаў ён.