Пяць фактаў пра абяцанне Трампа раздаць амерыканцам па $5000 пасля выбараў
3- 11.09.2026, 10:31
- 1,598
Кошт пытання — 1,2 трыльёна долараў.
Прэзідэнт Трамп паабяцаў, што дарослыя грамадзяне ЗША атрымаюць па 5000 долараў, калі рэспубліканцы захаваюць кантроль над Кангрэсам пасля восеньскіх прамежкавых выбараў. Гэта ўжо далёка не першае фінансавае абяцанне, якое ён даваў за два свае прэзідэнцкія тэрміны, піша The Hill (пераклад — сайт Charter97.org).
Пра так званыя «дывідэнды Трампа» прэзідэнт ЗША заявіў на з'ездзе Рэспубліканскага нацыянальнага камітэта ў Даласе, адзначыўшы, што такія выплаты патэнцыйна могуць атрымаць каля 270 мільёнаў дарослых амерыканцаў. «Мы дасягнулі вялікіх поспехаў, і наша краіна шмат зарабляе», — заявіў ён.
Падрабязнасцей пра механізм выплат амаль не прагучала — як і ў выпадку з папярэднімі падобнымі абяцаннямі Трампа.
1. Кошт пытання — 1,2 трыльёна долараў. Гэта супастаўна з выдаткамі краіны на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу і амаль роўнае гадавому вайсковаму бюджэту ЗША. Адкуль возьмуцца грошы і ці спатрэбіцца для гэтага адабрэнне Кангрэса, пакуль неясна. Раней Трамп ужо раздаваў вайскоўцам чэкі па 1776 долараў з сродкаў, выдзеленых Кангрэсам, а яшчэ раней, у 2020 годзе, амерыканцы двойчы атрымлівалі па 1200 долараў у межах антыкрызіснай праграмы.
2. Трамп ужо даваў падобныя абяцанні. З мінулага года Трамп гаварыў пра выплаты да 2000 долараў за кошт даходаў ад увозных пошлінаў, абяцаючы, што грошы атрымаюць усе, акрамя заможных амерыканцаў. Вярхоўны суд адмяніў большую частку ўведзеных пошлінаў, і выплат не адбылося.
3. Ідэя не новая нават для яго ўласнай каманды. На пачатку другога тэрміну Ілон Маск, які тады ўзначальваў Міністэрства эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE), прапаноўваў падобныя дывідэнды ў 5000 долараў — за кошт сродкаў, якія DOGE разлічвала зэканоміць на федэральных выдатках. Трамп тады падтрымаў гэтую ідэю.
4. Абяцанне прагучала на фоне незадаволенасці эканомікай. Людзей непакоіць дарагавізна жыцця, хаця Трамп называў гэтую праблему выдумкай дэмакратаў. Цэны на энэрганосьбіты растуць з-за вайны з Іранам, а гандлёвы канфлікт з Канадай абяцае падаражанне тавараў.
5. Эканамісты папярэджваюць пра інфляцыю. Марк Голдвейн з Камітэта за адказны федэральны бюджэт лічыць, што такія выплаты могуць разагнаць інфляцыю прыкладна на 1,5 працэнтнага пункта. «Дывідэнды прывядуць да велізарнага росту дэфіцыту», — заявіў ён. Дзяржаўны доўг ЗША ўжо перавысіў 40 трыльёнаў долараў.
Сенатар-рэспубліканец Берні Марэна ужо заявіў, што падрыхтуе законапраект пад «дывідэнды Трампа» адразу пасля выбараў 3 лістапада, але адзінства ў партыі няма. Кангрэсмен Чып Рой з Тэхаса напісаў, што «залежнасць [ад дзяржаўных выплат] — гэта зло».