11 верасня 2026, Пятніца, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці рыхтуецца эканамічны пераварот у Расіі?

1
Ці рыхтуецца эканамічны пераварот у Расіі?

Калі і так, дык у глыбокай таямніцы.

Капітаны народнай гаспадаркі і фінансаў працуюць і дзеляцца планамі на будучыню ў звычайным рэжыме. Змена часткі ўрадавых кадраў выглядае магчымай, але наўрад ці пацягне паварот у стратэгіі.

Час для пераходу да так званай мабілізацыйнай мадэлі эканомікі, пра пагрозу якой так шмат казалі, нібыта і падышоў. Калі рэжыму і брацца за гэты пераход, дык якраз цяпер.

«Выбары» пройдуць, і перашкод не будзе.

Але прыкмет падрыхтоўкі да перавароту няма. Калі Пуцін яго і плануе, дык употай ад кіраўнікоў свайго «эканамічнага блока».

Спраўляюцца без перавароту

Цэнтральны банк звычайным парадкам выдаў штогадовы альманах «Накірункі бюджэтнай палітыкі» з нязменным абяцаннем перамагчы інфляцыю ў наступным годзе. А міністр фінансаў Сілуанаў запэўнівае — і таксама як заўсёды, — што «ніякіх праблем няма… і ўсё, што мы запланавалі ў бюджэце, забяспечана рэсурсамі». То-бок усе спакойна працуюць.

Тут адно з трох. Альбо Сілуанаў і Набіуліна разам з іншымі праводзяць спецыяльную падманную аперацыю. Альбо ўсіх іх чакае вялікі пуцінскі сюрпрыз. Альбо кіраўнік лічыць, што з пастаўленымі задачамі яны спраўляюцца і без перавароту.

На маю думку, больш верагодны трэці варыянт.

Выкананне бюджэту за 8 месяцаў паказвае, што справы па-ранейшаму не бліскучыя, але і горш не становяцца.

Дэфіцыт нават скараціўся на 0,7 трлн рублёў і цяпер складае вельмі вялікія, але ўжо звыклыя 5,8 трлн рублёў. Так, гэта тлумачыцца паступленнем у казну дывідэндаў (пераважна са сродкаў у ФНБ) на тыя ж 0,7 трлн рублёў. Але і без іх дэфіцыт не вырас бы. І Сілуанаву можна паверыць, што бюджэтную дзірку ён заткне, хай яна і значна большая за план.

Хоць нафтавых даходаў і недабралі (летась за тыя ж 8 месяцаў іх было на 1 трлн больш), выручыў рост паступленняў па ПДВ на 2,4 трлн рублёў. Падвышэнне гэтага падатку з 20% да 22%, так бы мовіць, выратавала даходную частку бюджэту.

У сукупнасці бюджэтныя паступленні аказаліся толькі крыху ніжэй за чаканні. Чарговы раз праблемай сталі не даходы, а выдаткі. Яны прыкладна на дзесяць працэнтаў апярэджваюць план. Гэта і стварыла такі дэфіцыт. Але і тут для пуцінскіх фінансістаў не ўсё так дрэнна.

Засталося наскрэбці трыльёны

Канечне, Пуцін год таму бязбожна падмануў урад — калі складалі фінансавы план на 2026-ы, паабяцаў не павышаць ваенныя выдаткі. Дзяржфінансісты вельмі пра гэта прасілі, сцвярджаючы, што эканоміцы РФ трэба даць перапынак. На тым і паразумеліся. Праз пару месяцаў нацлідар, вядома, не ўтрымаўся і загадаў ім усё перапісаць і вылучыць на вайну дадатковыя пяць трыльёнаў.

Але ён жа мог і не спыніцца на гэтым. Аднак, выглядае, апошнія месяцы прайшлі без новых пуцінскіх імправізацый. А са старымі яго тэхнакратам неяк удалося справіцца, хоць спачатку нылі і хныкалі.

А паколькі Пуцін пакуль не патрабуе ад іх яшчэ больш грошай, эканамічныя менеджары рэжыму (апроч Набіулінай) крыху падбадзёрыліся і цяпер рыхтуюць бюджэт на 2027-ы, які павінен быць у чарнавіку гатовы да канца гэтага месяца.

Старшыня ЦБ іх бадзёрасці, як можна зразумець, не падзяляе, бо з прычыны ўсяго ўзгаданага вымушана захоўваць звышвысокую ключавую стаўку і праз гэта быць у вачах пуцінскай «эліты» віновай ва ўсіх бедах эканомікі.

Контуры плана на 2027-ы ўжо бачныя. Тэхнакраты дамогуцца фармальнага балансу выдаткаў і даходаў шляхам скарачэння долі грамадзянскіх выдаткаў.

У трэці раз фронтальна падымаць асноўныя падаткі, відаць, не адважуцца. Будуць нарошчваць дробныя паборы і скарачаць пільгі. Паменшаць «незабяспечаныя» выдаткі. Скароцяць пільгавую іпатэку. Больш сістэмна націснуць на рэгіёны. Ім цяпер навяжуць сярэднетэрміновыя праграмы бюджэтнага аздараўлення і ўжо ў 2027-м збіраюцца зэканоміць на іх 0,8 трлн рублёў.

Усімі гэтымі захадамі, разам узятымі, можна, бадай, наскрэбці на вайну яшчэ пяць трыльёнаў і адначасова зрабіць так, каб бюджэтны дэфіцыт быў меншы за цяперашні.

А каб не застацца без запасаў на чорны для рэжыму дзень, вырашана абараніць ФНБ ад надта хуткага расходавання, панізіўшы так званую цану адсечкі. Гэта азначае, што сродкі будуць адтуль вымацца толькі калі нафта зусім уж патаннее. Іншымі словамі, у выпадку бюджэтных цяжкасцяў на другасныя (г. зн. неваенныя) патрэбы грошай не знойдзецца.

І шукаць іх не будуць.

Узброіўшыся гэтымі правіламі, пуцінскія эканамічныя менеджары лічаць, што ведаюць, як пратрымацца яшчэ год. Далей яны ўсур'ёз не заглядваюць. Але сярод іх ёсць слабае звяно — Цэнтрабанк.

Страсануць без радыкалізму

Пастаянная задача ЦБ — «барацьба з інфляцыяй» — прадпісана тым жа Пуціным. Усе гады яго ўлады яна была яго асабістым прыярытэтам. Але чым даўжэй ідзе вайна, тым даражэй за гэтую «барацьбу» і спадарожную ёй высокую стаўку даводзіцца плаціць. У тым ліку агульнай стагнацыяй, а ў многіх галінах — і спадам.

Сёлета Пуцін пачаў падаваць сігналы, што ён па-ранейшаму супраць інфляцыі, але стаўку трэба як мага хутчэй панізіць. Па яго ж загадзе трэба выдзяляць на вайну ўсё новыя і новыя грошы, але такое спалучэнне супярэчыць уяўленням кадравых фінансістаў пра тое, што магчыма, а што не. Бо дзе вайна, там і інфляцыя.

З гэтай агаворкай або без яе, але большасць грамадзянскіх капітанаў пуціномікі гатовая і далей служыць і працаваць паводле рыначных правілаў, не пераходзячы на так званую мабілізацыйную мадэль. Яе хоча меншасць з іх, і не факт, што ведае, як яе арганізаваць.

Лягчэй уявіць нейкія менш радыкальныя крокі, здольныя, аднак, страсануць кіраўнічы пласт. Напрыклад, змену прэм'ера і часткі міністраў.

У пэўнай меры Міхаіл Мішусцін сёлета паводзіў сябе няправільна. На пачатку года ён, здаецца, занадта настойліва адгаворваў важдзя ад такіх загадаў, ад якіх распаўзаецца бюджэт. Хоць гэта і не было бунтам, але калі раптам спатрэбіцца замена, пад рукой першы віцэ-прэм'ер Дзяніс Мантураў.

Як прыяцель блізкага пуцінскага сябра ён раднейшы за Мішусціна, а як шэф ВПК — лагічнейшы за яго ў ваенны час. На тых відэазапісах, што даступныя, важдзь у апошнія месяцы значна часцей гутарыць з Мантуравым, чым з прэм'ерам.

Прызначэнне Мантурава прэм'ерам — чыстая гульня розуму. Але калі ўявіць такую кадравую перастаноўку, дык нават яна наўрад ці будзе сімвалізаваць адмову ад «рыначнай эканомікі». Затое змену прыярытэтаў абазначыць. У пуцінскіх урадах менеджары з бэкграўндам збіральнікаў і распарадчыкаў грошай заўсёды да гэтай пары былі галоўней за тых, хто іх выпрошвае і траціць.

Мантураў ніколі не збіраў грошы, як гэта рабіў Мішусцін у бытнасць шэфам падатковай службы. Ён заўсёды іх толькі атрымліваў і расходаваў. Калі ён або нехта падобны да яго ўзначаліць урад, гэта амаль аўтаматычна вырашыць спрэчку — ці працягваць «барацьбу з інфляцыяй». Стаўленне да інфляцыі само па сабе стане больш лаяльным, бо больш лаяльным стане стаўленне да тратаў грошай.

Граматэі-прасіцелі

Я тут не спрабую адгадаць фаварыта. Калі ўжо Пуцін і насамрэч рыхтуе змену прэм'ера, дык гэта дакладна спецаперацыя і таямніца. А вось чаго ён не хавае, дык гэта сваіх уяўленняў пра тое, якой эканоміка РФ павінна быць у ідэале.

Адлюстраваннем гэтых яго мараў выглядае даклад экспертаў пуцінскай адміністрацыі з цэнтра «Трэці Рым», складзены пад наглядам Максіма Арэшкіна, галоўнага ў адміністрацыі спецыяліста па эканоміцы. І, вядома, Арэшкін не зрабіў бы кар'еры, калі б не быў таксама і спецыялістам па настроях свайго шэфа.

Гэты даклад — калекцыя ўсяго, што падабаецца Пуціну: штогадовы трохпрацэнтны рост, мудрая дзяржаўная машына, што выдае толькі слушныя загады, і суцэльная «робатызацыя, штучны інтэлект, аўтаномныя сістэмы і платформізацыя на фоне далейшага “абялення” эканомікі». І паўсюль будуць пабудаваныя такія аб'екты, як ВСМ «Масква — Пецярбург», якая займае пачэснае месца ў прэзентацыі як любімая цацка Пуціна.

Выкарыстоўваючы гэты даклад як крыніцу звестак пра пуцінскія перавагі, мы бачым, па-першае, што там няма мабілізацыі эканомікі ў савецкім смаку. Наадварот, захаваная рыначная сістэма, а прыватны капітал, які, вядома ж, накіроўваецца начальствам, развівае гаспадарку на банкаўскія ўклады простанароддзя, якія яму пададуць у якасці «доўгіх грошай».

А па-другое, пад цяперашняй эканамічнай мадэллю РФ, як аказваецца, пара правесці рысу, і «пачынаючы з 2027 г. расійская эканоміка павінна зрабіць не столькі крок уперад, колькі крок уверх: перайсці на новую траекторыю развіцця, дзе эканамічны рост непасрэдна трансфармуецца ў павышэнне дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва».

Інакш кажучы, аўтар гэтых разваг, абагульнены Арэшкін, без праблем просіць Пуціна даць яму пасаду начальніка эканомікі і абяцае справіцца лепш, чым цяперашнія начальнікі. Відаць, тым, хто вакол кіраўніка, цяпер дазволена звяртацца да яго з такімі просьбамі.

***

На камандным пункце расійскай эканомікі мы бачым хутчэй міжусобіцу асобаў і кланаў, чым падрыхтоўку да змены гаспадарчай мадэлі. Вышэйшы круг і яго кіраўнік, хутчэй за ўсё, не рыхтуюцца перавярнуць дагары дном эканамічны парадак. Прынамсі ў кароткай перспектыве.

Та сістэма, якая ёсць, працягвае даваць ім на вайну столькі сродкаў, колькі яны загадваюць даць.

Сяргей Шэлін, The Moscow Times

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках