У Беларусь масава заляцелі расійскія ўдарныя дроны
- 14.09.2026, 11:48
За суткі мяжу парушылі мінімум 10 беспілотнікаў.
Упершыню за год зафіксаваныя масавыя залёты расійскіх ударных беспілотнікаў у Гомельскую вобласць цягам сутак. Такога не было роўна год — цягам апошніх месяцаў фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі. Апошні раз масавыя адначасовыя залёты былі на пачатку верасня 2025 года, піша «Флагшток».
І вось 12—13 верасня, паводле падлікаў «Флагштока» і ўдакладненых даных, як мінімум 10 расійскіх беспілотнікаў парушылі паветраную прастору Беларусі.
Падчас масіраванай атакі Расіі ў суботу каля 11:00 пачаліся першыя ўварванні беспілотнікаў у Беларусь. У гэты час адзін з іх ужо вылятаў ва Украіну, а праз гадзіну два беспілотнікі заляцелі на Гомельшчыну і накіроўваліся ў бок Нараўлі і Лельчыц. Потым яшчэ два рухаліся ў напрамку Мазыра. Каля 14:00 на Гомельшчыну заляцела новая пара расійскіх дронаў. Праз паўгадзіны — яшчэ адзін беспілотнік.
Прыкладна а 02:30 13 верасня быў зафіксаваны вылет з Беларусі аднаго беспілотніка, каля 10:40 — яшчэ аднаго.
Большасць дронаў выляцела назад ва Украіну, але дакладнай інфармацыі пра ўсе беспілотнікі, што ўварваліся ў Беларусь, пакуль няма.

Паводле інфармацыі ўкраінскага маніторынгавага канала eRadar, як правіла, гэта былі не рэактыўныя, а класічныя «Герані» з рухавіком, гук якога нагадвае гук мапеда.
Найчасцей дроны парушалі паўднёвую мяжу Гомельскай вобласці і рухаліся ў напрамку Мазыра, Нараўлі і Лельчыц.
Паводле даных канала eRadar, два дроны каля 13:45 былі зафіксаваныя ў Мазырскім раёне на адлегласці 20 кіламетраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы.
Акрамя таго, адзін з жыхароў Петрыкаўскага раёна паведаміў, што прыкладна з 10:00 да 12:00 чуў у небе характэрны гук «Шахедаў», а таксама — рэактыўнага рухавіка. Магчыма, дроны пераследавалі знішчальнікі.
Залёты беспілотнікаў былі звязаныя з масіраванай атакай Расіі на заходнія вобласці Украіны ва ўмовах туманнага надвор'я.