Мікалай Статкевіч: Учора я радаваўся і засмучаўся адначасова
1- 17.09.2026, 11:52
- 1,136
Фота: Charter97.org
Лідар апазіцыі растлумачыў, чаму на волю выйшлі толькі 25 палітвязняў.
Лідар беларускай апазіцыі і былы палітвязень Мікалай Статкевіч пракаментаваў вызваленне 25 палітвязняў у сваім Telegram-канале. Ён прызнаўся, што рады вызваленню людзей, але адзначыў, што чакаў больш значнага выніку перамоваў з амерыканскім бокам.
— Як і многія беларусы, учора я радаваўся вызваленню чарговай групы палітвязняў і засмучаўся, што замест абяцанай прадстаўніком адміністрацыі ЗША вялікай іх колькасці на волю выйшлі толькі 25 чалавек.
Шчыра кажучы, чаканы вынік. Бо было парушана ключавое правіла гандлю, якое павінны ведаць не толькі спецыялісты па «здзелках», але і любы звычайны пакупнік. Калі купляеш нейкі тавар і загадзя пачынаеш публічна выказваць сваю зацікаўленасць у набыцці яго ў вялікай колькасці, то прадавец аўтаматычна падніме цану гэтага тавару.
Разумею, што спадар Коул казаў тое, чаго з нецярпеннем чакалі пачуць ад яго тысячы беларусаў, але, калі маеш справу з прыроджаным (у літаральным сэнсе) гандляром, варта прагназаваць яго рэакцыю на свае словы.
Але ўсё адно, дзякуй!
Віншую вызваленых і іх блізкіх!
А тым, хто яшчэ ў зняволенні за свае перакананні, жадаю цярпення і волі!
Трымайцеся, браты і сёстры!