Авечкіну забаранілі ўезд у Латвію пасля роліка «Адзінай Расіі»
5- 18.09.2026, 16:20
- 1,530
Раней зорку НХЛ неаднаразова крытыкавалі за блізкія адносіны з Пуціным.
Капітану «Вашынгтон Кэпіталз» Аляксандру Авечкіну забаранілі ўезд у Латвію на нявызначаны тэрмін. Рашэнне прыняла міністр замежных спраў краіны Байба Браже пасля з’яўлення хакеіста ў перадвыбарчым роліку расійскай партыі «Адзіная Расія». Інфармацыю пацвердзіла МЗС Латвіі, піша Bild (пераклад — сайт Charter97.org).
У відэа Авечкін зняўся разам з іншымі вядомымі расіянамі, у тым ліку з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым. Ролік з’явіўся напярэдадні выбараў у Дзяржаўную думу, што праходзяць у Расіі 18–20 верасня.
Сам хакеіст не стаў адмаўляць удзел у кампаніі. На трэніровачных зборах «Вашынгтон Кэпіталз» ён заявіў: «Мяне папрасілі. Я сказаў так. Усё проста. Я расіянін, збіраюся жыць там, калі завершу кар’еру. Мае дзеці і сям’я будуць жыць там. Я падтрымліваю сваю краіну. Гэта проста падтрымка таго, што адбываецца ў Расіі».
На пытанне пра сваю пазіцыю Авечкін адказаў: «Я рускі і падтрымліваю сваю краіну». Пры гэтым ён дадаў, што выступае за мір і спадзяецца на спыненне вайны.
Рашэнне Латвіі датычыцца не толькі Авечкіна. У спіс непажаданых асоб унесены таксама прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі бокса Умар Крамлёў. Абодва атрымалі бестэрміновую забарону на ўезд у краіну.
Гісторыя выклікала рэакцыю і ў ЗША. Кангрэсмен Джо Уілсан заклікаў НХЛ вывучыць удзел Авечкіна ў палітычным роліку. Генеральны менеджар хакейнай каманды Крыс Патрык назваў сітуацыю «складанай» і прызнаў, што разумее, чаму яна выклікала незадаволенасць.
Пры гэтым клуб паведаміў, што Авечкін не ўзгадняў свой удзел у відэа з кіраўніцтвам каманды. Раней хакеіста ўжо неаднаразова крытыкавалі за блізкія адносіны з Пуціным. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Авечкін публічна заявіў: «Калі ласка, больш ніякай вайны».