Узброеныя сілы Украіны атакавалі буйны НПЗ у Уфе
5- 21.09.2026, 10:49
- 1,642
Пасля ўдару ўспыхнуў пажар.
Узброеныя сілы Украіны раніцай 21 верасня атакавалі Уфу. Пасля гэтага ў прамысловай зоне на поўначы горада пачаўся пажар, піша Astra са спасылкай на відавочцаў.
Паводле даных тэлеграм-канала «Аспекты-Башкартастан», мэтай быў нафтаперапрацоўчы завод «Башнафта-Новойл» магутнасцю 7,3 млн тон у год, які забяспечвае каля 10% вытворчасці высокаактанавых бензінаў і больш за 7% алеяў (суднавых, гідраўлічных, маторных) у Расіі.
Разам з прадпрыемствамі «Башнафта-Уфанафтэхім» і «Башнафта-УНПЗ» ён утварае Уфімскі нафтаперапрацоўчы комплекс агульнай магутнасцю 23,5 млн тон у год. Прамысловая зона з заводамі знаходзіцца прыкладна за 1400 км ад мяжы з Украінай.
Раніцай у Башкартастане абвяшчалі пагрозу беспілотнікаў, паведамляў старшыня дзяржаўнага камітэта рэспублікі па надзвычайных сітуацыях Кірыл Перваў. На тэрыторыі рэгіёна адключалі мабільны інтэрнэт. Расавіяцыя ўводзіла абмежаванні на прыём і выпуск самалётаў у аэрапорце Уфы. Жыхары паведамлялі пра выбухі ў паўночнай частцы горада. Мінабароны Расіі паведаміла пра 244 збітыя ўкраінскія беспілотнікі над Башкартастанам і яшчэ 18 рэгіёнамі, а таксама над акваторыяй Чорнага мора.
Нафтахімічны комплекс у Уфе, які належыць дачцэ «Раснафты» — «Башнафце», ужо неаднаразова станавіўся мішэнню Узброеных сіл Украіны. Да гэтага ўкраінскія дроны білі па мясцовых НПЗ 25 чэрвеня, 1 ліпеня, 8 ліпеня і як мінімум чатыры разы ў жніўні.
