Рэжым уступіў у фазу самазнішчэння
- Аббас Галлямаў
- 29.09.2026, 8:43
- 3,072
Чаму прыдворны стукач дапамог раздмухаць скандал вакол раскошнага жыцця унучкі Пуціна.
Спасылаючыся на злітыя даныя Расійскай памежнай службы, выданне «Агенцтва» распавяло ў пятніцу, што ўстанавіла асобу унучкі Пуціна.
Вядома, сам па сабе факт наяўнасці ўнукаў не з’яўляецца дыскрэдытуючай акалічнасцю. Калі ёсць дзеці, то мусяць быць і ўнукі, але вось дэталі…
Апісаныя ў матэрыяле ўмовы падарожжа дзіцяці — пералёты прыватнымі бортамі ў суправаджэнні шматлікіх нянь, настаўнікаў, ад’ютантаў і ахоўнікаў — зноў уздымаюць у памяці цэлы пласт той інфармацыі, што калі-небудзь трапляла ў публічную прастору ў сувязі з раскошным жыццём самога Пуціна. І гэта ўжо непрыемна. У сітуацыі, калі ўзровень жыцця падданых падае, звышмерная раскоша двара злуе. Марыю-Антуанэту і Распуціна памятаеце?.. Не дадае плюсаў прэзідэнту і той факт, што чальцы ягонай сям’і чамусьці любяць падарожнічаць у Еўропу, пра якую афіцыёз пражужжаў нам усе вушы, што яна для Расіі — экзістэнцыяльны вораг.
Увогуле, непрыемная ўцечка, і найлепшае, што можа ў гэтай сітуацыі зрабіць сістэма, — прамаўчаць. Калі не прыцягваць дадатковую ўвагу да тэмы, то ёсць шанец, што пра яе хутка забудуцца.
І вось тут з’яўляецца вядомы стукач Барадзін, які натуральна надае тэме новы імпульс — ладзіць скандал. Навошта?!
Окей, можна было б дапусціць, што Барадзін — проста паслужлівы ідыёт, які спрабуе аседлаць тэму, каб прадэманстраваць двару сваю незаменнымасць. Маўляў, я тут, стаю на варце! Верагодна, герой спадзяецца, што на яго зверне ўвагу Кацярына Ціханава. Зверне і, можа, нават ласкава прыме. Усё гэта зразумела, але ж Барадзін не адзіночка, ён частка сістэмы, а значыць, павінен дзейнічаць у інтарэсах гэтай сістэмы. Нельга займацца партызаншчынай, пераследуючы толькі карыслівыя інтарэсы і наносячы шкоду прэзідэнту. І куды глядзяць ягоныя куратары з ФСБ, бо відавочна, што такія ёсць?
І тут непазбежна з’яўляецца думка, што, можа, і куратары зацікаўленыя ў скандале? Не толькі з пункту гледжання зорак на пагонах, але і ў палітычным сэнсе? Урэшце, чым гучней гучыць тэма, тым мацней будзе раз’юшаны Пуцін — і тым больш задач перад імі — людзьмі, якія цяпер раскручваюць гэты сюжэт, — ён паставіць. А новыя задачы — гэта рэсурсы, паўнамоцтвы — гэта ўлада.
Так частка сістэмы, што адказвае за бяспеку, шкодзіць той яе частцы, якая адказвае за публічную палітыку. І тут зусім не абавязкова меркаваць нейкую змову сілавікоў супраць палітычнага блока. Усё значна банальней. Як я ўжо сказаў, для людзей, што адказваюць за бяспеку, любы новы скандал — гэта новая пагроза дзяржаве, а новая пагроза азначае неабходнасць змагацца з ёй. Усё гэта непазбежна вядзе да павелічэння апаратнай вагі тых, хто гэта робіць. Тое, што з пункту гледжання палітычнага блока з’яўляецца праблемай, з пункту гледжання сілавікоў аказваецца рэсурсам. Кожны дзейнічае лагічна — але ў адпаведнасці са сваім прыватным інтарэсам. У выніку ўлада ў цэлым дзейнічае ірацыянальна.
Чым маштабнейшая сістэма, тым складаней каардынаваць дзеянні яе элементаў з адзінага цэнтра, тым вышэйшы ўзровень аўтаномнасці гэтых элементаў — і тым часцей логіку іх дзеянняў вызначае іх партыкулярыстычны інтарэс, які рэалізуецца на шкоду цэлыму.
Пуцін ператварыў палітычную і адміністрацыйную сістэму краіны ў манстра, які дрэнна цяміць. Гэта як дыназаўр, у якога спрытнае млекакормячае ад’есць хвост — перш чым да таго дойдзе, што трэба хаця б павярнуць галаву…
Але ўвогуле трэба разумець, што гаворка не толькі пра непаваротлівасць. Гаворка пра канкрэтную шкоду. Вядома, ні Барадзін, ні чэкісты, што стаяць за ім, не збіраліся спецыяльна шкодзіць Пуціну, але вынікам іх дзеянняў стала менавіта шкода. Інакш кажучы, сістэма аказваецца здольная аўтаматычна ствараць шкоду.
Калі ў такога манстра не будзе знешняга ворага, ён можа сяк-так праіснаваць доўга. Але калі такі вораг ёсць і ён будзе наўмысна карыстацца слабасцямі і памылкамі сістэмы, канец прыйдзе значна хутчэй. Дзіўна, але Пуцін упарта памнажае колькасць гэтых ворагаў.
Напэўна, гэты факт можна прызнаць доказам таго, што рэжым уступіў у фазу самазнішчэння.
Аббас Галлямаў, «Точка»