30 верасня 2026, Серада, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адказалі на прапанову Лукашэнкі

1
Беларусы адказалі на прапанову Лукашэнкі

Чаму ніхто не хоча ехаць у вёску?

Лукашэнка заявіў, што жыхарам Мінска і іншых гарадоў трэба быць гатовымі дапамагаць вёсцы. Пра гэта ён сказаў, абмяркоўваючы «разумны падыход у аб’яднанні гаспадарак».

«Вы, напэўна, таксама заўважылі, што я ўсё больш і больш прыцягваю работнікаў прамысловасці, гарадоў да аказання дапамогі вёсцы. Чаму — вы выдатна ведаеце. Усе хочуць жыць у добраўпарадкаваных добрых кватэрах, у гарадах. Вёску мы даволі спустошылі за апошні час, асабліва што датычыцца працоўнай сілы. Ну, трэба аддаваць даўгі, як мы заўсёды пра гэта гаварылі. Таму мінчанам і іншым трэба быць да гэтага гатовымі», — сказаў ён.

У сацсетках беларусы адрэагавалі на словы Лукашэнкі крытыкай. У каментарыях да навіны ў Threads яны тлумачылі, чаму не хочуць жыць у вёсцы, а некаторыя прапаноўвалі, як спыніць адток насельніцтва з вёсак.

Шмат карыстальнікаў лічаць, што галоўная праблема — у адсутнасці працы. «Ніхто б у гэты Мінск не ехаў, калі б была праца ў абласных і раённых гарадах. Пра вёскі ўжо маўчу. Дайце людзям працу, добры заробак, і ніхто ў ваш Мінск не паедзе. 90% людзей у Мінску жывуць па маршруце дом — праца. Дык якая розніца, дзе жыць па такім маршруце?» — напісаў адзін з каментатараў.

Іншы лічыць, што важней не праца, а ўмовы для прыватнай ініцыятывы: «Дайце людзям празрыстыя і дзейсныя законы аб прыватнай уласнасці і арэндзе зямлі, недарагія крэдыты на сельгасптэхніку і, што самае галоўнае, адстаньце ад іх гадоў на 30. І, о, цуд, людзі будуць забяспечваць сябе і іншых».

Нямала каментарыяў прысвечана стану сельскай інфраструктуры. «Я з задавальненнем купіў бы дом у вёсцы, калі б вёскі не выміралі. Крамаў амаль нідзе няма, транспарт не ходзіць, электрычнасці можа не быць пару дзён, інтэрнэт і сувязь пад пытаннем», — піша адзін карыстальнік. «Аўтобусы да горада скарачаюць, школы і ФАПы закрываюць, працы няма, крамы з вялікай нацэнкай, трансфарматары і ЛЭП старыя, газ ёсць не ўсюды, сувязь пагаршаецца. І як людзям жыць? Натуральнай гаспадаркай?» — адзначае іншы.

Карыстальнікі дзеляцца і асабістым досведам. Адна жанчына расказала, што хацела б жыць на дачы, але ў 20 км ад Мінска няма нармальнай дарогі, школы, крамы і інтэрнэту, а на лісты ў інстанцыі прыходзілі толькі адпіскі. Іншы каментатар расказаў, што купіў дом у вёсцы ў 25 км ад сталіцы: там няма асфальту, крам і транспарту, а электрычнасці ўсяго 5 кВт. «Жывіце вы самі ў сваіх вёсках», — зрабіў ён выснову.

Яшчэ адзін карыстальнік успомніў, што ў ягонай вёсцы знеслі клуб, медпункт, краму, былую школу, кантору і некалькі дабротных дамоў, у тым ліку двухпавярховы на чатыры кватэры. Мужчына, які пераехаў у Мінск, патлумачыў сваё рашэнне адсутнасцю ў вёсцы высокахуткаснага інтэрнэту, неабходнага для працы.

Некаторыя параўноўваюць сітуацыю з Польшчай: «Прыязджаючы ў вёску, ты знаходзіш там «Лідл», «Бедронку», «Жабку», школу са спартыўнымі секцыямі, цягнік, які ходзіць раз на паўгадзіны ў буйныя гарады. Купляеш зямлю ў ўласнасць, а не ў арэнду. Беларусь, як пісалі вышэй, паспявае толькі зносіць клубы».

Жанчына расказала пра маці, якая пераехала з Мінска ў аграгарадок і працуе ў мясцовай школе. Паводле яе слоў, заробак там не дацягвае нават да паловы сярэдняга ўзроўню па вобласці, а цяпер стаўку скарачаюць удвая, бо ў школе на 13 дзяцей менш, чым трэба для поўнай. «Заробак будзе ў лепшым выпадку 600 рублёў. Няўжо гэта грошы? Дайце людзям умовы, заробкі, і многія з задавальненнем вернуцца на родную зямлю», — напісала яна.

Частка каментатараў звярнула ўвагу на палітыку ўладаў. «Колькі гадоў таму ён крычаў “не будаваць больш Мінск”? І што мы бачым штодня? Новабудоўля на новабудоўлі. У вёсках засталіся непатрэбныя яму пенсіянеры, а моладзь з’ехала ў гарады, каб не жыць у галечы», — піша адзін з іх. Іншы задаецца пытаннем, чаму найбуйнейшыя прадпрыемствы апошніх гадоў, такія як «Вялікі Камень» і БНБК, будавалі ў Мінску і Мінскай вобласці, а не ў рэгіёнах: «Людзі едуць у Мінск па заробак. Калі б заробкі ў рэгіёнах былі такія, як у Мінску, туды б ніхто не ехаў».

Ёсць і канкрэтныя прапановы. Адзін з карыстальнікаў заклікае ўвесці падатковыя льготы для прадпрымальнікаў і фірмаў, якія працуюць на вёсцы, і знізіць падатак на маёмасць: «Падатак на дом у вёсцы даражэйшы за падатак на кватэру ў горадзе! А потым вы здзіўляецеся, што туды, дзе няма вытворчасцей і інфраструктуры, не едуць». Іншы ўпэўнены, што вёска будзе жыць пры развіцці прыватнага фермерства, бо «ў калгасах за капейкі ніхто не хоча працаваць».

Не абышлося без іроніі. «Я толькі ў горад пераехаў, ужо назад адправяць?» — пытаецца адзін з каментатараў. «Паверу ў яго словы і намеры, калі адправіць у вёску працаваць сваіх дзяцей і ўнукаў — на свінафермы або кароўнікі», — піша іншы. А жыхар вёскі, дзе аўтобус ходзіць толькі ў сераду, у суботу раніцай і ў нядзелю ўвечары, пацікавіўся: «Аляксандр Рыгоравіч, мне на працу як дабірацца? Выязджаць у нядзелю ўвечары і прыязджаць дадому ў суботу раніцай?»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲