Туркменскія работнікі ў Лідзе ледзь не загінулі з-за бледнай паганкі
Яны прынялі атрутныя грыбы за ядомыя.
Трое грамадзян Туркменістана, якія жывуць і працуюць на будоўлі ў Лідзе, трапілі ў мясцовую бальніцу з моцным атручваннем яшчэ 18 жніўня. З болямі ў жываце і дыярэяй іх даставілі ў інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы. Пазней па сімптомах лекары выказалі здагадку, што замежнікі маглі з’есці бледную паганку, — піша «Белсат».
Двух мужчын перавялі ў рэанімацыю Гродзенскай бальніцы, аднаго — у таксікалагічнае аддзяленне. Як высветлілася пазней паводле аналізаў на таксіны, яны сапраўды з’елі найбольш атрутны ў Беларусі грыб.
«Мы сабралі грыбы, падсмажылі іх, паелі. Мы не ведалі, што яны небяспечныя, думалі, што ядомыя. З’елі крыху, талерку на траіх. Раніцай было атручванне», — расказаў Шатлык Хыдырбаеў тэлеканалу «Гродна».
Амаль дзве тыдні медыкі змагаліся за іх жыццё, праводзячы ім, між іншым, гемадыяліз — пазаныркавае прамыванне крыві. Мужчыны, што цудам засталіся жывымі, пасля гэтага абяцаюць, што больш ніколі не будуць есці грыбы.
«Нам далі другое жыццё, мы цудам засталіся жывымі», — кажа другі пацярпелы, Ханмет Повешаў.
Нагадаем, бледная паганка — адзін з самых небяспечных грыбоў у свеце. У 90% выпадкаў пры несвоечасовым і няправільным лячэнні атручванне гэтым грыбам прыводзіць да смерці. Смяротнасць сярод дзяцей увогуле блізкая да 100% з-за меншай масы цела і хуткага распаўсюджвання атруты.
Таксіны бледнай паганкі, а менавіта аманіціны і фалатаксіны, вытрымліваюць тэрмічную апрацоўку, замарожванне і сушку, таму прыгатаванне або марынаванне грыба не зніжаюць яго таксічнасці — ён усё роўна застаецца смяротна небяспечным. Прыблізна праз 6–20 гадзін пасля ўжывання пачынаецца перыяд ілжывага палягчэння, калі сімптомы атручвання знікаюць, але ў гэты момант ужо беззваротна разбураюцца печань і ныркі. Нават невялікі кавалачак шляпкі грыба памерам з пазногаць змяшчае дастатковую колькасць атруты для цяжкага атручвання дарослага чалавека.
У Туркменістане расце вельмі мала грыбоў, таму паўнавартаснага грыбнога прамыслу ў краіне няма. Бледная паганка там не сустракаецца, але існуюць іншыя атрутныя грыбы, сярод якіх некаторыя віды валокніц і паганкападобныя грыбы з сямейства аманітавых (мухаморавых).
Многія памятаюць гісторыю сям’і з Кобрына, якая ў 2019 годзе атруцілася бледнай паганкай. Галава сям’і сабраў грыбы ў гарадскім парку. Мужчына памёр у бальніцы, а яго жонку і паўтарагадовага сына ў крытычным стане даставілі ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Выратаваць іх удалося толькі дзякуючы экстраннай трансплантацыі печані.
Падобны выпадак адбыўся і ў 2022 годзе. У мінскім лясапарку ў Сухараве мінчук сабраў цэлы пакет грыбоў — як думаў, «зялёнак» — і прынёс дадому. Жонка прыгатавала грыбы на вячэру: муж, жонка і двое непаўналетніх дзяцей з’елі іх разам і трапілі ў рэанімацыю.
«З’елі крыху». Туркмены ў Беларусі атруціліся бледнай паганкай
Трое пацярпелых ад атручвання бледнай паганкай у Лідзе расказалі, што знайшлі грыбы ў лесе і вырашылі з’есці іх.