Bild: Консульства РФ у Боне было «гняздом» шпіёнаў
- 5.09.2026, 8:25
Яны «працавалі» пад дыпламатычным прыкрыццём.
Рашэнне Германіі закрыць расійскае генеральнае консульства ў Боне звязваюць не толькі са спробай дыверсіі ў аэрапорце Ляйпцыга. Ёсць звесткі, што дыпламатычнае консульства магло выкарыстоўвацца спецслужбамі РФ для разведвальнай дзейнасці.
Пра гэта паведамляе Bild.
Выданне спасылаецца на ўнутраную інфармацыю з брусельскіх колаў. Паводле гэтых звестак, у консульстве РФ у Боне маглі працаваць прыблізна 15–20 расійскіх агентаў, якія выдавалі сябе за дыпламатычных супрацоўнікаў.
Як сцвярджае Bild, гэтыя людзі фактычна працавалі на расійскія спецслужбы – Службу знешняй разведкі (СВР), Федэральную службу бяспекі (ФСБ) і Галоўнае разведвальнае ўпраўленне (ГРУ).
Такім чынам, консульства, паводле звестак выдання, магло быць пляцоўкай для дзейнасці расійскай выведкі ў Еўропе.
Консульства маглі выкарыстоўваць для гібрыдных аперацый
Паводле інфармацыі Bild, еўрапейскія дыпламаты лічаць расійскае консульства ў Боне цэнтрам падтрымкі гібрыдных аперацый.
Маўляў, кампаніі, якія адтуль каардынаваліся, былі накіраваныя не толькі супраць Германіі. Сярод мэтаў называюцца краіны Бенелюкса, інстытуты Еўрапейскага саюза і штаб-кватэра НАТА ў Бельгіі.
Менавіта таму рашэнне Берліна аб закрыцці генеральнага консульства, паводле ацэнак крыніц выдання, не варта разглядаць выключна як сімвалічны адказ на спробу дыверсіі ў аэрапорце Ляйпцыга.