«Магія па-за Хогвартсам»
- 6.09.2026, 17:14
- 1,444
Лекарка з Беларусі расказала, што яе ўразіла, калі яна пачала працаваць у польскай бальніцы.
Беларуска Вольга Багдан, якая працуе анестэзіёлагам у польскай бальніцы, напісала пост у Threads пра тое, што яе ўразіла на новым месцы ў параўнанні з мінскімі ўстановамі аховы здароўя, заўважыла «Зеркало».
«Хутка будзе тры гады, як я працую лекаркай у Польшчы. Калі я толькі прыехала, мяне так уражвалі, здавалася б, нязначныя рэчы. Але гэтыя рэчы робяць працу прыемнейшай:
1. Налепкі на шпрыцы з назвамі лекаў. Кожная сваёга колеру, праца паскараецца ў разы. А якая драбяза.
2. Шпрыцы ўжо з набраным фізіялагічным растворам. Табе тэрмінова патрэбны шпрыц з фізай. Пакуль наберэш. А тут — трымай, проста ўвядзі.
3. Пераральныя бензадыазепіны (клас псіхаактыўных рэчываў са снатворным, седатыўным, анксіёлітычным (змяншэнне трывожнасці), міярэлаксуючым і супрацьсутаргавым эфектамі. — Заўв. рэд.). Гэта зусім не дробязь.
4. Электралітныя растворы. З розным складам — з глюкозай і без, выбірай, якія табе даспадобы. І гэта таксама зусім не дробязі. Цяпер гэта ўспрымаецца як норма, але тады гэта быў фурор для мяне», — падзялілася Вольга на сваёй старонцы.
Гэты пост выклікаў даволі актыўнае абмеркаванне, да яго далучыліся ў тым ліку медыкі. Вось некаторыя з каментароў:
«Шпрыц з фіз. растворам — гэта нешта з вобласці фантастыкі для абласной бальніцы Мінска».
«А пасляаперацыйныя пластыры, якія дапамагаюць пазбегнуць перавязак».
«Калі на пачатку 2000-х я з дэлегацыяй нашай бальніцы ездзіла на склад па гуманітарную дапамогу медыцынскага прызначэння з ЗША — вось дзе вочы на лоб лезлі. Там і наборчыкі стэрыльныя аднаразовыя для любых маніпуляцый, аж да зняцця швоў. І катетары ўсіх памераў і прызначэнняў, і растворы ў самых розных упакоўках (напрыклад, тады ўпершыню ў жыцці бачыла трохлітровы пакет з фізрастворам). Вось тады я ўпершыню ўсвядоміла розніцу паміж нашай і заходняй медыцынай, — падзялілася досведам яшчэ адна калега аўтаркі».
«Калі працавала ў клініцы з па-сапраўднаму міжнароднымі стандартамі — гэта быў адзіны раз, калі я бачыла, каб сумкі для выезду, усе emergency-ўклады былі сабраныя так, як належыць. У emergency room стаялі боксы, упакаваныя асобна для дзяцей рознага ўзросту, усе шпрыцы, катетары, трубкі, ларынгаскопы — паводле ўзросту і вагі з каляровай маркіроўкай. І так, нам не давялося гэтым карыстацца, але гэта заўсёды было на месцы і не пратэрмінаванае!»
«Я тут амаль 1,5 года, працую лекаркай у неўралогіі, і мяне дагэтуль захапляе догляд за пацыентамі. За 1,5 года я не ўбачыла ніводнага пролежня. Таксама проста шок, што ўсе патрэбныя медыкаменты ёсць у аддзяленні, калі чаго няма — oddziałowa (старшая медыцынская сястра ў польскай сістэме аховы здароўя. — Заўв. рэд.) закажа. Ды ўвогуле, вельмі шмат розных пазітыўных момантаў».
«Так! Званіш старшай і кажаш, што трэба. Яна кажа: „Секунду!“ І тое, што трэба, з’яўляецца. Магія па-за Хогвартсам, — жартуе ў адказ Вольга, а ў адказ на гісторыю пра тое, што ампулы ад бензадыазепінаў у польскіх бальніцах можна не захоўваць, яна распавяла: — Памятаю, спытала ў медсястры: „А вы што, ампулы не здаяце?“ Яна паглядзела на мяне, як на псіххворую».