7 верасня 2026, панядзелак, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памежная служба Польшчы растлумачыла, ці абавязаны беларусы пастаянна насіць з сабой пашпарт

Памежная служба Польшчы растлумачыла, ці абавязаны беларусы пастаянна насіць з сабой пашпарт

Картка побыту не замяняе праязны дакумент.

Апошнім часам адразу некалькі беларусаў, якія жывуць у Польшчы, расказалі, як нечакана наткнуліся на праверку Памежнай службы, не маючы пры сабе пашпарта. Увогуле замежнікі абавязаны прад'явіць праязны дакумент па патрабаванні супрацоўнікаў ведамства.

Але бываюць сітуацыі, калі насіць пашпарт з сабой здаецца не мэтазгодна, напрыклад падчас горных паходаў або адпачынку ля вады.

MOST накіраваў запыт у Памежную службу Польшчы, каб высветліць, як быць у падобных сітуацыях.

У жніўні СМІ распавядалі, як памежнікі спынілі беларусаў, якія прыехалі на хайкінг у Бешчады. Пашпарты турысты пакінулі ў знятым доме. Адзін з іх мусіў ехаць па дакументы, а двое іншых каля двух гадзін чакалі ў аддзяленні Памежнай службы.

Падобная сітуацыя адбылася з беларускім акцёрам Аляксандрам Ждановічам. Яго і групу беларусаў спынілі для праверкі дакументаў падчас паездкі на катэры. У кампаніі былі карткі побыту, але пашпартоў не было.

«Паняцце «мець» азначае мець дакумент у распараджэнні, а не безумоўны абавязак пастаянна насіць пры сабе арыгінал пашпарта»

Журналісты спыталі ў Памежнай службы, ці трэба замежнікам пастаянна насіць з сабой арыгінал пашпарта і што адбываецца, калі падчас праверкі яго няма пры сабе. На пытанні адказала маёр Памежнай службы Анна Собеска-Тэкень:

— Арт. 288 Закона аб замежніках ускладае на замежніка абавязак мець дзейсны праязны дакумент. Мэтай праверкі законнасці прабывання, якую праводзіць Памежная служба, з'яўляецца ўстанаўленне фактычнага становішча спраў, гэта значыць праверка таго, ці знаходзіцца замежнік у Польшчы законна. Імкнучыся рэалізаваць прадугледжаныя законам паўнамоцтвы, суаднесеныя з абавязкамі замежніка, Памежная служба патрабуе фізічнага прад'яўлення праязнога дакумента. Акрамя таго, арт. 465 ч. 1 п. 2 Закона аб замежніках прадугледжвае адказнасць за паводзіны, якія заключаюцца ў тым, што замежнік на патрабаванне ўпаўнаважаных органаў такі дакумент не прад'яўляе.

Паводле практыкі польскіх адміністрацыйных судоў, у тым ліку Вярхоўнага суда, паняцце «мець» азначае мець такі дакумент у сваім распараджэнні на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, а не безумоўны абавязак пастаянна фізічна насіць пры сабе арыгінал пашпарта. Адпаведна, часовая адсутнасць пашпарта непасрэдна пры сабе ў момант праверкі дакументаў аўтаматычна не азначае складу правапарушэння. Умоваю, аднак, з'яўляецца тое, каб замежнік імкнуўся неадкладна прад'явіць дакумент. Таму падчас праверкі неабходна дакладна ўказаць месца захоўвання арыгінала пашпарта і даць супрацоўнікам магчымасць яго праверыць.

Фармальныя патрабаванні, усталяваныя законам, аднолькавыя для ўсёй краіны. Арт. 288 Закона аб замежніках ускладае на замежніка абавязак мець дзейсны праязны дакумент.

Копіі (у тым ліку натарыяльна завераныя), сканы або фотаздымкі пашпарта ў тэлефоне не маюць юрыдычнай сілы дакумента, які сведчыць асобу, або праязнога дакумента падчас праверкі, якую праводзіць Памежная служба. Замежніку неабходна мець дзейсны арыгінал праязнога дакумента. <�…>

Падчас праверкі законнасці прабывання на тэрыторыі Польшчы картка побыту не замяняе праязны дакумент, наяўнасць якога патрабуецца для законнага прабывання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча.

Паводле палажэнняў Закона аб замежніках і практыкі польскіх адміністрацыйных судоў, картка побыту не мае самастойнага статусу і функцыянальна звязаная з праязным дакументам. <�…>

Такім чынам, супрацоўнік, які ажыццяўляе службовыя дзеянні, мае права запатрабаваць прад'яўлення арыгінала пашпарта падчас праверкі.

Паводле арт. 465 ч. 1 п. 1 Закона аб замежніках, непрад'яўленне дакумента, які дае права на прабыванне, або праязнога дакумента на патрабаванне ўпаўнаважаных органаў з'яўляецца правапарушэннем, за якое прадугледжаны штраф. Акрамя таго, у выпадку сумненняў адносна асобы замежніка супрацоўнікі маюць права затрымаць яго на тэрмін да 48 гадзін з мэтай усталявання яго асобы. Адсутнасць пашпарта ў момант праверкі дакументаў аўтаматычна не ўтварае складу вышэйзгаданага правапарушэння. Важным з'яўляецца ўказанне месца захоўвання арыгінала пашпарта на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і прадастаўленне супрацоўнікам магчымасці яго праверыць.

Спрошчанне для беларусаў

Анна Собеска-Тэкень таксама звярнула ўвагу, што для беларусаў, чые пашпарты пашкоджаныя або скончыўся іх тэрмін дзеяння, у Польшчы прадугледжана сістэмнае рашэнне. Яны могуць у спрошчаным парадку хадайнічаць аб выдачы праязнога дакумента замежніка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках