У Салігорcку зьбілі праваабаронцу: зпачатку на вуліцы, потым у міліцыі
16- 10.10.2008, 9:28
Учора ў Салігорску невядомыя напалі на праваабаронцу Яну Палякову. У міліцыі яе зьбілі яшчэ раз.
Яна Палякова цяпер знаходзіцца дома. Яна расказала інтэрв’ю “Радыё Свабода”, што на яе напалі а 5-й вечара.
“Нехта падышоў, ўдарыў мяне па патыліцы і сказаў: «С..ка, калі ты не заціхнеш, то гэта апошняе папярэджаньне!». У мяне каса, ўверх закладзеная. Ён схапіў мяне за валасы і ўдарыў скроньню ці то аб дзьверы, ці то аб вяршнік, ці яшчэ аб нешта”, - распавядае Яна Палякова.
Праваабаронца распавяла, што сама, проста з пад’езду па мабільным тэлефоне выклікала “хуткую дапамогу”, а потым і міліцыю. У траўмапункце ёй аказалі мэдычную дапамогу, пасьля яна доўга чакала, пакуль туды прыедуць міліцыянты. З траўмапункту яе забралі ў міліцыю, каб яна там напісала заяву аб нападзе.
Яна Палякова паведаміла, што ў міліцыі ёй стала кепска. Калі яна паспрабавала выйсьці на сьвежае паветра, то адчула ўдар.
“Ён мяне схапіў за кофту і так штурхнуў, што я апынулася на падлозе. Сядзела і не магла ўстаць. Моцны боль унізе хрыбетніцы, і нага цяпер так баліць, што не магу на ёй стаяць”, - распавяла спадарыня Яна.
Варта прыгадаць, што 30 жніўня Яну Палякову ў цэнтры Салігорску затрымалі міліцыянты. Тады, паводле ейных слоў, людзі ў цывільным і ўчастковы міліцыянт у пастарунку прапанавалі ёй падпісаць нейкія дакумэнты. Калі ж жанчына паспрабавала іх узяць, каб прачытаць, то атрымала моцны ўдар па руках, а потым яшчэ ўдары па нагах. Мэдыкі потым зафіксавалі пабоі.
У часе “выбараў” у “палату прадстаўнікоў” Яна Палякова зьбірала подпісы за Вольгу Казуліну. Праваабаронца лічыць, што такім чынам у міліцыі яе паспрабавалі запалохаць.
Яна Палякова ўчора мелася накіраваць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, бо з абласной пракуратуры атрымала адмоўны адказ .
Жанчына ўпэўнена, што мэта нападу — канчаткова яе запалохаць, каб яна спыніла сваю дзейнасьць і ня скардзілася на дзеяньні мясцовых міліцыянтаў.
“Гэта помста за тое, што я пасьмела зьвярнуцца з адпаведнаю заявай на супрацоўніка міліцыі і ўказаць ягонае прозьвішча”, - перакананая Яна Палякова.