7 траўня 2024, aўторак, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімер Арлоў: «Дзяды» вінныя аб'яднаць нашае грамадзтва

1

Вядомы беларускі гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў лічыць, што сёлетняя акцыя на Дзяды, як і 20 год таму, аб'яднае грамадзтва і дасьць беларусам новыя духоўныя арыенціры.

“Сапраўды, 20 гадоў таму мне выпала адкрываць гэты мітынг. Я не скажу, што я быў там ключавой фігурай, таму што, па сутнасьці, ключавымі фігурамі можна назваць усіх тых, хто пасьпеў выступіць. А выступіць, апроч мяне, пасьпелі Зянон Пазьняк і Тацьцяна Зіненка, тады маладая паэтка з Барысаву. І ня менш ключавой фігурай быў той незнаёмы мне хлопец, які ўзьняў Бел-Чырвона-Белы сьцяг ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў, і ўжо праз тры гады гэты сьцяг стаў дзяржаўным сьцягам незалежнай Рэспублікі Беларусь”, - распавёў Ўладзімер Арлоў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Пісьменьнік знайшоў у сваім архіве верш Тацьцяны Зіненкі, які прагучаў на тым мітынгу.

“Пачуйце ўсе маю жывую споведзь,

Хоць я памерці заўтра не баюся.

Але мяне сягоньня непакоіць

Найбольш за ўсё – маўчаньне Беларусі.

Чаго маўчым? Мо вырвалі язык наш?

Стагодзьдзямі цягнулі - і ўдалося?

Народзе мой, ты да усяго прывыкнуў.

Крыві дарма ці мала пралілося?

І ў сьвеце так халодна, што ня грэе

Цябе ні Зьніч сьвяты, ні спадзяванка.

Чакаеш ты, пакуль не разьвіднее,

Чакаеш ты і вечарам, і ранкам.

А ўжо даўно відно, даўно відненька.

Ці можа вы асьлеплі, беларусы?

Яшчэ ніколі нашая зямелька

Не сірацела гэтак без хаўрусу.

А час -- адных суцэльных кульмінацый,

Народны фронт -- нязломны і ня вузкі.

Паўсталі ўсе за раўнапраў'е нацый,

Паўстань і ты, народ мой беларускі”.

“Я хачу сказаць, што, безумоўна, на гэтым вершы ёсьць адбітак часу, ён належыць і таму часу, але разам з тым тут ёсьць радкі, якія не згубілі сваёй актуальнасьці. А менавіта -- гэта заклік да яднаньня. Таму што існуе такая верагоднасьць, што нават на 20-ыя ўгодкі тых гістарычных Дзядоў могуць адбыцца два шэсьця ў Курапаты”, - хвалюецца гісторык.

Ён зазначае, што 20 гадоў таму людзі, якія прыйшлі да Усходніх могілак, былі адзінымі. Уладзімер Арлоў спадзяецца, што і гэтым разам ня будзе “двух маршрутаў” шэсьця.

“Гэта, на жаль, зрабілася ў апошнія гады сумнай традыцыяй, калі Кансэрватыўна- хрысьціянская Партыя БНФ праводзіць сваё асобнае шэсьце. Але я спадзяюся, што сёлета гэтая традыцыя будзе парушаная. Тым больш, што маршруты ў абедзьвюх заяўках часова супадаюць, і ўдзельнікі могуць аб'яднацца і далей рушыць разам. Я вельмі спадзяюся на гэта. І спадзяюся, што кіраўніцтва КХП-БНФ менавіта такое рашэньне і будуць прымаць”, - кажа пісьменьнік.

“Як тыя Дзяды 20-ці гадовай даўніны, якія навечна ўвайшлі ў нашу найноўшую гісторыю, аб'ядналі грамадзтва, далі новыя духоўныя арыенціры, так, я думаю, і вось гэтая дата таксама, як і самі Курапаты, сам сымбаль нашай трагічнай гісторыі, яны ня проста могуць -- яны павінны аб'яднаць нашае грамадзтва”, - перакананы Уладзімер Арлоў.

Ён распавядае, паводле якога сцэнару плянуецца адзначэньне першага апазыцыйнага мітынгу на Дзяды.

“У тым звароце, праект якога я пісаў і які падпісалі разам са мной Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Аляксей Марачкін, гаворыцца, што ўлады робяць новыя спробы вынішчыць гістарычную памяць беларусаў, і збудаваць у нашай сьвядомасьці "лінію Сталіна". І таму мы заклікаем усіх, каму не абыякавы лёс Беларусі, усіх, хто памятае, што ў нас тысячагадовая гісторыя, хто памятае герояў гэтай гісторыі, сабрацца 2-га лістапада а 12-ай гадзіне каля Усходніх могілак, каб напачатку ўскласьці кветкі на магілы Уладзімера Караткевіча, Генадзя Карпенкі, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі ды іншых нашых славутых суайчыньнікаў, а потым прыйсьці разам да курапацкіх крыжоў”, - кажа Ўладзімер Арлоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках