19 траўня 2026, aўторак, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі аб акцыі Дзяды-88: «Для мяне гэта было сама значнае, што я зрабіў у гісторыі Беларусі»

1

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што падчас акцыі Дзяды ў 1988 годзе беларусы ўпершыню за 70 год кінулі выклік уладзе.

“Перад сьвятам я атрымаў афіцыйнае пракурорскае папярэджаньне, што ў выпадку масавых беспарадкаў я буду прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Адпаведна, псыхалягічнае напружаньне было дастаткова моцнае. Бо ніколі дагэтуль мы яшчэ не супрацьстаялі ўладам адкрыта, можна сказаць — твар у твар. Незразумела было, чым гэта ўсё скончыцца, і мы рыхтаваліся да розных варыянтаў. І нават да самых горшых”, - распавядае праваабаронца, адзін з падпісантаў заявы на правядзеньне акцыі “Дзяды” ў 1988 годзе.

Па ягоных словах, частка людзей думала, што ўсё гэта скончыцца катастрофай, бо сапраўды, усё ж такі 70 гадоў у Беларусі не было такіх масавых акцыяў. Але шмат хто таксама не губляў рашучасьці й аптымізму.

“Я памятаю, як у гэты дзень мэтро было перакрыта, і мы ішлі з папярэдняй станцыі пешшу. Было бачна, як ручайкі людзей цякуць паабапал праспэкту, тады яшчэ Леніскага. А мы ішлі разам з Сокалавым-Воюшам, ён быў з гітарай, у нас была вясёлая кампанія. Быў ясны сонечны дзень, марозна, пад нагамі хрусьцеў лядок. Мы ішлі на гэтае сьвята — маладыя, вясёлыя, аптымістычна настроеныя”, - кажа Алесь Бяляцкі.

“Калі мы перайшлі вуліцу, якая перасякае праспэкт, там пачаў гуртавацца народ, і там пачаліся першыя захопы. Я так разумею, што міліцыя нэўтралізоўвала людзей, якія, паводле ейнага меркаваньня, былі арганізатарамі гэтага сьвята. Недзе побач жанчыны валтузіліся за Пазьняка, і гэта была цікавая сытуацыя, калі жанчыны выканалі значную ролю ў гісторыі Беларусі — адбілі Пазьняка, які потым здолеў правесьці гэтую акцыю да канца”, - зазначае праваабаронца.

“Ну, а мне не пашанцавала: мяне затрымалі, запіхнулі ў маленькі “козьлік”, адвезьлі ў міліцыю Першамайскага раёну. Адразу ж там быў суд, і мне далі 200 рублёў штрафу. Вось такі быў мой удзел. Для мяне, з гледзішча дваццаці гадоў, гэта было, пэўна, самае значнае, што я зрабіў у гісторыі Беларусі”, - перакананы Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, 30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках