4 траўня 2024, Субота, 0:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Роберт Сіманс: «Прызнанне Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі негатыўна адаб'ецца на адносінах з НАТА»

Намеснік памочніка генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу Роберт Сіманс лічыць, што прызнанне Беларуссю незалежнасці закаўказскіх рэспублік негатыўна адаб'ецца на адносінах Беларусі і НАТА.

Такі пункт гледжання Роберт Сіманс выказаў 11 снежня ў межах свайго візіту ў Менск. Прадстаўнік Паўночнаатлантычнага альянсу лічыць, што праблемы, існуючыя ў закаўказскіх рэспубліках, нельга вырашыць, прызнаючы іх незалежнасць.

«Калі Расея прызнала незалежнасць гэтых двух рэгіёнаў Грузіі, Паўночнаатлантычны альянс заявіў, што гэта не адпавядае прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасці і цвёрда асудзіў гэты крок з боку Расеі. І калі Беларусь зробіць тое ж самае, прызнае незалежнасць, гэта будзе ўплываць на нашыя адносіны. Мы не лічым гэты крок карысным», - прыводзіць «Радыё Свабода» словы прадстаўніка НАТА.

Пры гэтым намеснік памочніка генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу рэкамендаваў Беларусі не дубляваць рашэнне Расеі, адзначае «БДГ». «На мой погляд, усе краіны, уключаючы Беларусь, імкнуцца знайсці рашэнне гэтых канфліктаў на Каўказе, а такія прэвентыўныя дзеянні, якія зрабіла Расея, прызнаўшы незалежнасць рэгіёнаў, не прывядуць да мірнага рашэння канфліктаў», - заявіў Роберт Сіманс.

Выступаючы ў Менску 11 снежня, прадстаўнік Паўночнаатлантычнага альянсу выказаў надзею, што ў будучыні ў адносінах паміж Беларуссю і НАТА адбудуцца пазітыўныя змены. «Мы спадзяемся, што дыялог паміж Беларуссю і НАТА пяройдзе на новы якасны ўзровень — праз абмен візітамі і абмеркаванне агульных праблем», - сказаў намеснік памочніка генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі Міністэрства замежных спраў Беларусі Ўладзімір Герасімовіч заявіў, што ў адносінах з НАТА «нельга дапусціць былой канфрантацыі», неабходны «палітычны дыялог і практычнае супрацоўніцтва». «На наш погляд, НАТА гуляе вялікае значэнне ў сістэме еўрапейскай бяспекі і ў гэтым напрамку Беларусь гатовая да наступнага супрацоўніцтва», - адзначыў Уладзімір Герасімовіч.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках