6 траўня 2024, панядзелак, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пытанне будаўніцтва АЭС, аказваецца, не ў кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы

27
Пытанне будаўніцтва АЭС, аказваецца, не ў кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы

Прымаючы рашэнне аб будаўніцтве АЭС на Астравецкай пляцоўцы, чыноўнікі адмовіліся ад кансультацый з навукоўцамі.

Павел Атрушкевіч -- заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Казахстан, сябар-карэспандэнт Акадэміі навук вышэйшай школы Казахстана, правадзейны сябар Міжнароднай акадэміі экалогіі і прыродакарыстання, ганаровы доктар навук Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, ганаровы прафесар Асацыяцыі вышэйшых навучальных устаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў у сферы будаўніцтва. Атрушкевіч паслаў ліст Аляксандру Лукашэнку, спадзяючыся, што той знойдзе час асабіста сустрэцца па такім важным пытанні ці хоць бы даручыць сустрэцца каму-небудзь з памочнікаў.

Але кіраўнік беларускай дзяржавы часу не знайшоў. Ліст перанакіравалі ў Савет міністраў, адтуль -- у Акадэмію навук, потым -- у адзін з галіновых інстытутаў, і ўжо тут дробны клерк палічыў, што ў яго інстытуце такія крутыя спецыялісты, што нічыя дапамога ім не патрабуецца. Паміж тым наш зямляк Павел Аляксандравіч Атрушкевіч, які доўгі час працаваў у Казахстане, -- сусветна вядомы спецыяліст па вывучэнні тэктанічных разломаў і мікрасейсмараёнаванню. Ён шчыра верыў, што ў Беларусі на самой справе спрабуюць знайсці бяспечную пляцоўку пад АЭС і што ягоныя паслугі запатрабуюцца. Ён да апошняга чакаў выкліку ў высокія кабінеты і нават падрыхтаваў план свайго выступлення перад прэзідэнтам на тэму «Вывучэнне геадынамікі зямной кары ў сувязі з выбарам пляцоўкі для будаўніцтва АЭС у Беларусі». Ён па васьмі пазіцыях хацеў растлумачыць, што і як трэба рабіць, каб не памыліцца ў выбары бяспечнай пляцоўкі для атамнай станцыі, але яго ніхто нікуды не паклікаў...

-- Я сцвярджаю, што беларускія спецыялісты не могуць сказаць, дзе дакладна, у якім менавіта месцы праходзіць разлом зямной кары, -- катэгарычна заяўляе Атрушкевіч у інтэрв'ю газеце «Народная воля». -- Яны не правялі адпаведных даследванняў і ведаюць толькі прыблізную зону разлома. Я ні ў каго не хацеў забіраць хлеб, я гатовы быў выступіць кансультантам і навучыць, растлумачыць, як такія даследаванні праводзяцца, паколькі маю велізарны досвед у гэтай сферы.

Павел Аляксандравіч сцвярджае, што без стварэння адмысловага палігона беларускія навукоўцы проста не маглі вызначыць, якую пляцоўку яны абралі.

-- Геолагі сваімі метадамі могуць вызначыць зону разлома. Для таго, каб яго выявіць з дакладнасцю да метраў, неабходны геадынамічны палігон з сеткай геадэзічных апорных кропак у выглядзе рэпераў рознай глыбіні, «якар» якіх павінен знаходзіцца ніжэй за зону прамярзання, а частка – у зоне сталых тэмператур. І тады пасля правядзення дбайных замераў будуць выключаныя сезонныя ваганні і выяўленыя ўчасткі, дзе фіксуюцца найбольшыя вертыкальныя рухі зямной кары. І ужо гэтыя ўчасткі трэба вывучаць больш пільна, звужаючы зону назірання: чым часцей будуць кропкі назірання, тым больш дакладна можна вызначыць разлом.

-- І як доўга павінныя весціся такія даследаванні?

-- Мінімум -- год. Але потым яшчэ і на працягу ўсяго перыяду будаўніцтва. Таму што вельмі важныя і хуткасць зрухаў, і раўнамерная прасадка пластоў, і, уласна, геалагічныя грунты, і шмат што іншае.

-- Прыборы дазваляюць фіксаваць і гарызантальныя, і вертыкальныя зрухі?

-- Так, ужо ёсць прыборы, якія дазваляюць зафіксаваць і гарызантальныя зрухі, найбольш распаўсюджаныя ў Беларусі. Дарэчы, у гэтай сувязі магу ўзгадаць гісторыю, якая здарылася ў Казахстане з Сары-Агачскім элеватарам. Яго проста разарвала напалову, бо сталася, што элеватар быў пабудаваны на розных інжынерна-геалагічных пластах. Пры будаўніцтве элеватара ні аб якім разломе наогул не думалі, галоўным было, каб ён быў бліжэй да чыгункі. Што атрымалася ў выніку, я вам распавёў.

-- А як часта геолагі памыляюцца, праводзячы даследаванне ўчасткаў пад АЭС традыцыйнымі метадамі?

-- Нажаль, такія выпадкі вядомыя. Класічны прыклад -- Ігналінская АЭС. Пры ейным будаўніцтве ведалі, што пляцоўка абраная ў зоне разлома і, больш за тое, хацелі станцыю ад разлома адсунуць, таму «адкарэктавалі» праект, зыходзячы з існуючых ў геалагічнай навуцы паданняў. У выніку менавіта на разлом станцыю і «пасадзілі». Цудам не «пасадзілі» на разлом Рыжскую АЭС, добра, што Інстытут фізікі зямлі ўмяшаўся ў гэты праект, затое на разломе апынулася Рыжская ГЭС. Паверце, я шмат працаваў з участкамі, дзе на мапах геолагамі былі пазначаныя разломы. Але пры больш дбайным даследаванні практычна заўсёды здаралася, што і разлом не там, і праходзіць ён не так. Прычым памылкі складалі не метр і нават не сто метраў, здаралася, што і на кіламетр «прамахваліся», і на два.

-- Астравецкую пляцоўку спецыялісты называюць «расколатым сподкам» -- зонай, дзе праходзяць разломы зямной кары. Ці можна там наогул нешта будаваць?

-- У такіх месцах асабліва важна ведаць, дзе менавіта знаходзіцца разлом. «Зона» -- гэта ж паняцце шырокае. На разломе могуць стаяць нейкія другасныя будынкі, адміністрацыйныя пабудовы, але вельмі важна, каб ні сам рэактар, ні сховішча радыёактыўных выкідаў не былі на ім. Таму тут нельга варажыць, тут трэба ведаць абсалютна пэўна, дзе будаваць і што.

-- А вам не падаюцца больш бяспечнымі пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці? Там знайшлі крэйдавыя пароды, але ўсёткі гэта не разломы, а больш устойлівыя пласты?

-- Не, не падаюцца. Крэйда -- вельмі падступны грунт. І не толькі таму, што ён мяккі. Я не бачу вялікай праблемы, калі на абранай пляцоўцы ёсць прасадка грунтоў, хоць шматлікія ў такіх выпадках палохаюць, маўляў, «рэактар спаўзе ў зямлю». Але крэйда паддаецца развадкаванню вадой, часта гэта адбываецца нераўнамерна, а вось нераўнамерныя зрухі грунтоў -- гэта ўжо небяспечна.

Усе тры пляцоўкі знаходзяцца ў аднолькавай сейсмічнай зоне. Спасылкі, якія шырока згадваюцца беларускімі спецылістамі на тое, што Астравецкая пляцоўка сейсмічная, паколькі знаходзіцца ў зоне, дзе ў пачатку мінулага стагоддзя быў землятрус, я лічу нейкім нонсэнсам. Там не магло быць землятрусу ў 6--7 балаў па шкале Рыхтэра хоць бы таму, што амерыканскі сейсмолаг Рыхтэр увёў сваю шкалу пазней, у -- 1935 годзе, а астравецкі землятрус здарыўся ў 1908-м.

-- Але так кажуць спецыялісты...

-- Я часта чуў ад спецылістаў абсалютныя дурасці. Аднойчы чыноўнік, якому я паведаміў аб разломе, загадаў: «Перанясіце яго на іншы бок дарогі...» Зрэшты, у дадзеным выпадку я хацеў бы акцэнтаваць увагу на іншым: быў землятрус або не быў, які ён быў, -- гэта не самае галоўнае. Галоўная праблема -- дбайнае вывучэнне пляцоўкі, дзе плануецца будаўніцтва АЭС, нават калі яна знаходзіцца ў самой што ні на ёсць бяспечнай на першы погляд зоне.

Дарэчы, я не чакаў, што Аляксандр Лукашэнка па такім важным пытанні мяне не прыме. Бо мы знаёмыя з ім, сустракаліся ў Казахстане, дзе я ўзначальваў аб'яднанне беларусаў «Бацькаўшчына», я быў сенатарам верхняй палаты казахскага парламента некалькіх скліканняў, рэктарам архітэктурна-будаўнічай акадэміі Алма-Аты, нашыя сустрэчы былі вельмі цёплымі. Гэта цяпер выйшаў на пенсію і вярнуўся ў родную Беларусь, але ж веды і досвед нікуды не зніклі.

Але, нажаль, прэзідэнт, судзячы па ўсім, нават не чытаў маё пасланне. Нейкі начальнік упраўлення ягонай Адміністрацыі С.І.Буко адказаў мне, што ў адпаведнасці з арт.9 Закона Рэспублікі Беларусь аб зваротах грамадзян мой ліст перапраўлены ў Савет міністраў. І далей ён шпацыраваў ўсё ніжэй, ніжэй і ніжэй. Сапраўды кажучы, я гэтага не разумею: калі ўжо пытанне будаўніцтва АЭС не ў кампетэнцыі прэзідэнта, то якія тады пытанні знаходзяцца на ягоным разглядзе?

-- Аляксандр Лукашэнка не геолаг, не тэктонік, не будаўнік і не спецыяліст па інжынерна-геалагічным даследаванням. Але менавіта ён павінен падпісаць рашэнне аб будаўніцтве АЭС і выбары пляцоўкі. Калі б ўсёткі вам далі магчымасць сустрэцца з ім, што бы вы сказалі? Што бы вы адказалі, калі б прэзідэнт напроста спытаў: «Як не памыліцца ў выбары?»

-- Тое ж, што сказаў і вам: «Неабходна дбайнае вывучэнне абранай пляцоўкі». Таму што будаўніцтва АЭС -- гэта вялікая адказнасць. І растлумачыў бы, як гэта трэба рабіць.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках