4 траўня 2024, Субота, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі супраць «Белнафтахіма» толькі першы крок?

9

Вашынгтон адказаў Менску, як кажуць дыпламаты, «люстрана»: амбасадар ЗША ў Беларусі адбыў на радзіму для кансультацый. Эксперты ўпэўненыя: канфлікт працягнецца, балазе амерыканцы намацалі ўразлівае месца Лукашэнка.

У сераду амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт адбыла ў Вашынгтон для кароткачасовых кансультацый. Амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў у Менску ўжо некалькі дзён. Дыпламатычны скандал паміж краінамі выходзіць на новую стадыю.

«Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт выехала з Амбасады а 13 гадзіне і накіравалася ў Вашынгтон. Адсутнасць Сцюарт часовая, яна, як і раней, застаецца амбасадаркай ЗША ў Беларусі», – гаворыцца ў заяве амбасады.

Пры гэтым адзначаецца, што палітыка ЗША па дачыненні да Беларусі не змянілася. «Амбасада ЗША падтрымлівае дэмакратычныя памкненні беларускага народа. Толькі пасля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных Злучаныя Штаты будуць гатовыя разглядаць наступныя крокі па паляпшэнні двухбаковых стасункаў».

Беларускі бок ад'ездам амерыканскага амбасадара ў Вашынгтон цалкам здаволены. «Падкрэслю, што ад'езд амбасадара ЗША адбыўся пасля таго, як учора, 11 сакавіка, Сцюарт была яшчэ раз запрошаная на сустрэчу ў МЗС Беларусі, дзе ёй паўторна было прапанаванае выканаць настойлівыя рэкамендацыі урада нашай краіны», – заявіў сёння журналістам прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў.

Беларускі бок у гэты час плануе заняцца аналізам стасункаў з Вашынгтонам і падлікам страт ад фінансавых санкцый супраць «Белнафтахіма».

Міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў у інтэрв'ю газеце «Взгляд» выказаў уласны пункт гледжання на першапрычыны канфлікту: «Першае – гэтае нежаданне Менска вызваліць экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, другое – жаданне Менска паказаць, што на Беларусь нельга аказваць эканамічнае ўздзеянне».

На думку эксперта, з прычыны таго, што разрыву дыпламатычных стасункаў не было, Сцюарт тэарэтычна можа ў любы момант вярнуцца ў Менск.

Палітолаг Уладзімір Роўда заявіў, што, на яго думку, дыпламатычны скандал пачаўся таму, што эканамічныя санкцыі супраць «Белнафтахіма» апынуліся вельмі балючымі для Беларусі.

«Амерыканцы нанеслі ўдар па асабістым капітале Аляксандра Лукашэнкі, – зазначыў эксперт. – Яны зразумелі, што ад гутарак карысці няма ніякай, і прыступілі да пэўных дзеянняў». На думку Роўды, санкцыі супраць беларускага прадпрыемства толькі першы крок. За ім будуць зробленыя і іншыя.

«Трэба аддаць належнае Менску, які адразу паспрабаваў пасварыць Еўропу і ЗША», – удакладняе Роўда. Заява беларускага МЗСа супала з падпісаннем дамовы аб адкрыцці прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі.

«Але гэтыя спробы не будуць мець поспеху: Еўропа ў справе абароны правоў чалавека і палітвязняў праводзіць блізкую з ЗША палітыку», – адзначыў эксперт. На яго думку, цяпер будзе заключанае нейкае пагадненне паміж ЗША і Еўропай у пытанні стасункаў з Беларуссю.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках