26 красавiка 2024, Пятніца, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Панарама» аб Галоўным, ці Ні слова аб дэвальвацыі

45

Журналісты прэс-цэнтра Хартыі'97 спрабавалі атрымаць інфармацыю аб прычынах дэвальвацыі ў галоўнай інфармацыйнай праграме БТ «Панарама тыдня».

Неспадзяванкі пачаліся адразу. Сярод анансаваных у гадзіннай праграме сюжэтаў не было сюжэту аб дэвальвацыі рубля, гэта значыць той навіны, якая цікавіць сёння абсалютна ўсіх беларусаў. У сувязі з гэтым мы вырашылі паглядзець усю праграму, думаючы, што гэтую навіну не вельмі хацелі анансаваць.

Галоўнай падзеяй мінулага тыдня супрацоўнікі БТ палічылі адкрыццё Каляднага турніру па хакеі сярод аматарскіх камандаў на прызы Аляксандра Лукашэнкі, дзе галоўным прэтэндэнтам на перамогу з'яўляецца каманда Аляксандра Лукашэнкі. Далей трохразовы пераможца турніру імя сябе крыху агаломшыў тэлегледачоў, заявіўшы, што сярод удзельнікаў турніру толькі два чалавекі не з'яўляюцца прафесійнымі хакеістамі. "Галоўнаму" сюжэту было адведзена 12 хвілінаў эфіру.

Другой навіной быў рэпартаж аб прызначэнні новага губернатара Магілёўскай вобласці. Пасля яго вядучы заявіў: "А зараз паведамленне аб тым, што хвалюе большасць людзей". "Ну нарэшце",- падумалася нам. Але далей пайшлі кадры аб вайне ў сектары Газа.

Затым была інфармацыя "аб радасным" -- аб развітанні з вісакосным 2008-м годам, дзе жудасныя кадры аб землятрусах, авіякатастрофах, ураганах і андронным калайдары чаргаваліся з аптымістычнымі выкладкамі аб росце пакупаніцкай здольнасці беларусаў.

Да гэтага моманту прайшла ўжо палова праграмы і бадзёры вядучы паведаміў, што ў другой частцы праграмы "толькі добрыя навіны". Падумалася, што магчыма для кагосьці дэвальвацыя нацыянальнай валюты на 20 адсоткаў з'яўляецца вельмі добрай падзеяй. Але ўсё роўна чакалася, што паведамленне аб гэтым будзе сярод галоўных падзеяў тыдня.

Пасля троххвіліннага блока рэкламы, прысвечанага ў асноўным "Спортлато", пайшло, нарэшце, "добрае". Навагодняе віншаванне Лукашэнкі беларускага народа. Потым ішоў сюжэт аб святкаванні навагодняй начы ў Менску, аб тым, што грашовы Пацук нарэшце перадаў эстафету жоўтаму працавітаму Быку, які адорвае, праўда, толькі тых, хто добра працуе. І ў якасці ілюстрацыі пайшлі кадры беларусаў, якія святкавалі, а таксама нейкіх паўднёваўсходніх гасцей Менска. Ну і, вядома, з сюжэту БТ вынікала, што самыя шчаслівыя беларусы на працягу 8 гадзінаў весяліліся ля будынка Нацыянальнай бібліятэкі.

Потым зноў з'явіўся будучы пераможца аматарска-прафесійнага хакейнага турніру. Ён адкрываў новы веладром, які, па словах супрацоўнікаў БТ, з'явіўся сапраўдным падарункам для ўсіх беларусаў. Перарэзаўшы стужачку спорткомплекса, які адкрыўся, Лукашэнка аддаў распараджэнне, каб за тры месяцы будынак "ажыў".

Надзеі даведацца пазіцыю ўрада па дэвальвацыі беларускага рубля раставалі з кожнай хвілінай, бо перадапошнім сюжэтам быў відэарэпартаж аб развіцці агратурызму ў краіне. Гэты сюжэт усёткі меў дачыненне да фінансаў, таму што ішоў пад назовам "Чаму вясковая прастата прыцягвае замежныя гаманцы?".

І вось ужо вядучы праграмы анансуе апошнюю тэму праграмы, якая адначасова з'яўляецца рэкламай беларускага джыгітовачнага казачага тэатра Берасцейскай вобласці. Праўда, бэтэшнікі адразу ж прызналіся, што кіруе гэтым цуда-тэатрам нейкі кубанскі казак з берасцейскай прапіскай. У сюжэце паведамлялася, што казакі прыйшлі на Беларусь у 17 стагоддзі з мэтай абароны імперскай мяжы (вельмі дзіўны тэзіс, бо ў імперскай Расеі атрымалася захапіць Беларусь у самім канцы 18 стагоддзя), і што сёння казакі нясуць людзям толькі дабро. А каб гледачы не сумняваліся, ім была паказаная казачая атрыбутыка з добра вядомым двухгаловым арлом. На гэтым праграма скончылася. І пайшла рэклама, якая заклікала беларусаў укласці свае грошы ў "Спортлато".

Сёння мы паглядзелі ранішні блок навінаў на БТ, але аб падзеі, якое хвалюе ўсіх беларусаў, зноў не было сказана ані слова...

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках