Паміж Літвой і Беларуссю разгараецца «цэментавая вайна»
22- 12.11.2009, 8:57
Літоўскія ўлады заяўляюць, што 90% паставак беларускага цэменту не адпавядаюць стандартам якасці.
Падзенне аб'ёмаў будаўніцтва ў Літве, звязанае з эканамічным крызісам, прывяло да скарачэння маштабаў вытворчасці адзінага ў краіне вытворцы цэменту - заводу Akmenes cementas. У бягучым годзе, паводле ацэнкі спецыялістаў, спажыванне цэменту ў краіне скарацілася амаль напалову. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «БалтІнфо» са спасылкай на публікацыю ў газеце «Verslo zinios».
У цяперашні час Akmenes cementas, правёўшы некалькі планавых праверак якасці імпартаванага ў краіну цэменту з Беларусі, абвесціў пра тое, што 90% імпартных паставак не адпавядаюць стандартам якасці. «У нас маецца добра абсталяваная выпрабавальная лабараторыя. На сённяшні дзень мы выпрабоўваем на адпаведнасць нормам якасці ўвесь цэмент, які закупляецца на рынку. І штораз пераконваемся, што большасць скаргаў, якія паступаюць на беларускія пастаўкі, абсалютна абгрунтаваная», - распавяла газеце намесніца загадчыка аддзелам кантролю над якасцю тавараў Дзяржаўнай інспекцыі нехарчовых тавараў Ванда Кярулене.
У сваю чаргу, генеральны дырэктар Akmenes cementas Артурас Зарамба пацвердзіў, што кіраўніцтва заводу ў бягучым годзе неаднаразова звярталася ў інспекцыю адносна якасці цэменту, што пастаўляецца на літоўскі рынак . «Як толькі мы пачалі праводзіць выпрабаванні, дык адразу ўбачылі сапраўдны стан - нават не палова, а цэлых 90% цэменту, які імпартуецца і пакуецца, не адпавядае стандартам, - запэўніў Зарамба. – І ўзнікае пытанне: калі ў дакументацыі пазначаецца, што цэмент валодае пэўнымі якасцямі, а ён такім не з'яўляецца, - як такі прадукт можа патрапіць у Літву?»
Пры гэтым гендырэктар Akmenes cementas прызнаў, што прадукцыя беларускіх вытворцаў месяц ад месяца падае ў кошце, што звязана з патанненнем нацыянальнай валюты суседняй краіны.