Алег Воўчак: «А факт фальсіфікацыяў выбараў нікім жа не адмаўляецца…»
12- 12.11.2009, 11:15
Юрыст Алег Воўчак называе «звычайнай адпіскай» адказ генпракурора Рыгора Васілевіча на «зварот 50-ці».
Воўчак сцвярджае, што высновы аб наяўнасці злачынства ці адсутнасці такога робяцца на падставе дакументаў, а не галаслоўна. Сам факт фальсіфікацыяў на выбарах, між тым, ніхто не адмаўляе.
«У адпаведнасці з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, Генпракуратура павінна была альбо ўзбудзіць крымінальную справу па заяве, або адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў выглядзе пастановы аб адмове, альбо даць адказ, што гэтая заява накіроўваецца для разгляду іншаму органу па падследнасці. Нічога гэтага Генпракуратура не зрабіла. Замест гэтага Васілевіч даслаў звычайны ліст, які складзены без апытання як грамадзянаў, якія падпісаліся пад зваротам, так і без апытання Ярмошынай, Лукашэнкі, і, перш за ўсё, чальцоў цяперашняга складу Цэнтральнай выбарчай камісіі. Спачатку пракуратура абавязаная была запатрабаваць усе дакументы па выбарах, якія маюцца, апытаць усіх зацікаўленых службовых асобаў у гэтай справе і толькі на падставе гэтага ўжо рабіць выснову: ёсць злачынства ці няма злачынства», -- заявіў праваабаронца ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану».
Пры гэтым Воўчак адзначае:
«Факт фальсіфікацыяў нікім не адмаўляецца - значыць, трэба было ўзбуджаць крымінальную справу і ў межах крымінальнай справы расследаваць прыведзеныя факты. Гэтую справу нельга пакідаць. Падпісанты «звароту 50-ці» маюць права звярнуцца ў суд - бо ў гэтай справе прысутнічаюць прыкметы службовага злачынства - 426 артыкул (перавышэнне ўлады, службовых паўнамоцтваў). Праз суд трэба дамагчыся, каб пракуратура правяла дадатковую праверку паводле іх заяваў. У прэзідэнта няма паўнамоцтваў даваць даручэнні пераглядаць адсоткі галасавання выбаршчыкаў», - упэўнены ён.
Праваабаронца ўпэўненыя, што напярэдадні двух новых выбарчых кампаніяў, дэмакратычная грамадскасць павінна дамагчыся, каб Лідзія Ярмошына і ўвесь цяперашні склад Цэнтравыбаркаму былі адхіленыя ад выканання такой важнай функцыі, паколькі Лукашэнка неаднаразоўва заяўляў, што выбары былі сфальсіфікаваныя і ў гэтым прымалі ўдзел службовыя асобы Цэнтравыбаркаму.
«У дзеяннях належных асобаў Цэнтравыбаркаму таксама бачацца прыкметы злачынства 426 артыкула (перавышэнні ўлады), паколькі яны вынікі выбараў падпісвалі. А генпракурор такім адказам, атрымліваецца, схаваў усе парушэнні закона і ў будучыні можа апынуцца пад крымінальнай адказнасцю за наўмыснае насуперак інтэрасам службы невыкананне службовай асобай дзеянняў, якія яна павінна была і магла здзейсніць з прычыны ўскладзеных на яе службовых абавязкаў, спалучанае з прычыненнем істотнай шкоды правам і законным інтэрасам грамадзянаў і грамадскім інтэрасам.
А каб праверыць і пацвердзіць, што Рыгор Васілевіч не праводзіў ніякай праверкі, хай бы дзесяць, а то і больш падпісантаў схадзілі ў пракуратуру і азнаёміліся з матэрыяламі праверкі. І калі ў гэтых матэрыялах будзе толькі заява грамадзянаў, яшчэ раз гэта пацвердзіць, што ніякай аб'ектыўнай, усебаковай і поўнай праверкі не праводзілася. А закон жа аб звароце грамадзянаў абавязвае любога чыноўніка правяраць усе довады, пра якія заяўляюць грамадзяне», - кажа Алег Воўчак.
Генеральная пракуратура не знайшла прыкметаў фальсіфікацыі выбараў - пра гэта кажацца ў адказе на зварот групы беларускіх апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх дзеячоў з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу па факце заявы Аляксандра Лукашэнкі аб фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Зварот было перададзены ў Генпракуратуру 24 кастрычніка.
Падставай для звароту стала інтэрв'ю А.Лукашэнкі, апублікаванае 27 жніўня расейскай газетай «Известия»: «За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, да ведама, 93%. І я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі ціснуць, што мы фальсіфікавалі выбары. …Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю, колькі. Таму што за 90 - гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда».
Зварот падпісалі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька, былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечаслаў Грыб, рэжысёры Віктар Дашук і Юры Хашчавацкі, прафсаюзныя лідэры Аляксандр Ярашук і Аляксандр Бухвостаў, палітыкі Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч, Віктар Івашкевіч, Яраслаў Раманчук і іншыя.
У адказе Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча кажацца «аб адсутнасці звестак пра якія-небудзь іншыя парушэнні палажэнняў Выбарчага кодэкса, дапушчаныя пры падліку галасоў і абвяшчэнні вынікаў выбараў».