«Палатка» не будзе разглядаць змены ў Выбарчы кодэкс
10- 12.11.2009, 12:02
12 лістапада зраніцы дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» уключылі ў парадак сесіі чатыры дадатковыя пытанні.
Аднак, як паведамляе «Радыё Свабода», у гэтым спісе няма двух, важных: разгляду звароту «парламентароў» непрызнаных Паўднёвай Асеціі і Абхазіі да кіраўніцтва Беларусі аб прызнанні дзяржаўнага суверэнітэту, і аб зменах у выбарчае заканадаўства.
Згодна з прыкладным графікам на лістапад, да канца гэтага месяца «дэпутаты» збяруцца толькі 25 лістапада на «парламенцкія» слуханні аб жыллёвым крэдытаванні, а затым 27 лістапада на сумеснае паседжанне абедзвюх палатаў «нацыянальнага сходу».
30 лістапада прадугледжваецца пленарнае паседжанне, але пры гэтым звяртаецца ўвага на тое, што яно адбудзецца толькі пры неабходнасці.
З гэтага вынікае, што да найбольш актуальных пытанняў, «дэпутаты» могуць звярнуцца толькі ў снежні.
У лістападзе сканчаецца выпрабавальны тэрмін, дадзены беларускім уладам Еўразвязам. У залежнасці ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, будзе вырашацца пытанне падаўжэння ці прыпынення санкцыяў ЕЗ у дачыненні да беларускага рэжыму. Улады Беларусі павінны былі вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, унесці змены ў Выбарчы кодэкс, каб у краіне стала магчымае правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў. Ніводная з гэтых умоваў дагэтуль не выкананая.